1 нояб. 2012 г.

Выгнанне інвестараў ці вяртанне скрадзенага

Звесткі пра нацыяналізацыю буйнейшых кандытарскіх фабрык ускалыхнулі інфармацыйную прастору мінулага тыдня.

Гаворка вядзецца пра павышэнне долі дзяржавы ў прадпрыемствах «Камунарка» и «Спартак».
Варта нагадаць, як гэта адбывалася.

12 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка наведаў мінскую «Камунарку». Вынікам візіту стала крытыка ў бок уладальніка яе акцыяў Марата Новікава, пра якога яшчэ пойдзе гаворка далей, і рашэнне аб ліквідацыі назіральных радаў. Аналагічны загад быў і па «Спартаку».

Гэтыя падзеі не павінны былі быць нечаканасцю, якой многія выставілі іх. Лукашэнка загадзя даручыў «вельмі сур'ёзна прааналізаваць усё, што адбывалася на гэтых прадпрыемствах, пачынаючы з савецкіх часоў: як яны прыватызаваліся, да каго яны трапілі ў рукі, як ацэньваліся, - і прыняць рашэнне ў судзе». Ведаў пра гэта і згаданы вышэй амерыканскі бізнэсовец Марат Новікаў. І не проста так адмовіўся наведаць сустрэчу на Камунарцы, схаваўшыся ў Нью-Ёрку. Ведаў, пэўна, што аналіз, пра які казаў Лукашэнка нічога добрага для ўладальніка «Камунаркі» не прынясе.

Праз два тыдні пасля сустрэчы акцыянеры абодвух прадпрыемстваў зацвердзілі павялічэнні дзяржаўнай долі.

Ацэнка гэтых падзеяў сярод эканамістаў была дыяметральна супрацьлеглая — у залежнасці ад стаўлення да ўладаў. Апазіцыйныя аналітыкі пачалі казаць пра новую хвалю барацьбы з прысутнасцю замежнага бізнэсу, заходнія СМІ — пра «крыж на інвестыцыях». Праўладныя медыя акцэнтавалі ўвагу на эканамічных перавагах вяртання кандытарскіх прадпрыемстваў дзяржаве.

Але каб ацаніць гэтую сітуацыю, варта зірнуць крыху глыбей — у так званыя «ліхія 90-ыя». Тады адбывалася першая хваля прыватызацыі. Яе прыклад і вынікі мы бачым у Расіі, бо ў нашай краіне яе па розных прычынах спынілі. Бачым, як яна праходзіла, — з парушэннем усіх законаў, пад крымінальнымі «дахамі» і за скрадзеныя грошы. Бачым, чым скончылася — з'яўленнем кола алігархаў, для якіх краіна ёсць не больш за крыніцу прыбытку.

У Беларусі гэты працэс быў бы яшчэ больш крыміналізаваным і дзікім, бо праходзіў бы пад кантролем «дасведчанага» расійскага бізнесу. І такім ен і бачыўся кандыдатам у беларускія алігархі, сярод якіх быў і Марат Новікаў.

«Была фірменная крама, было прадпрыемства. Быў распрацаваны інвестыцыйны праект на 20 мільёнаў долараў інвестыцый, каб дабудаваць адміністрацыйны корпус і пабудаваць яшчэ адзін корпус для швейцарскай лініі па вытворчасці шакаладу з буйнымі дабаўкамі і цукерак у каробках. Праект падтрымалі і міністр сельскай гаспадаркі, і прэм’ер-міністр (на той час ім быў Сяргей Лінг). І калі ўжо былі падпісаны ўсе дакументы, раптам у справу ўмяшаўся Марат Новікаў. Я так разумею, што яму дапамагаў Міхаіл Мясніковіч. Яны пралабіравалі ўвядзенне «залатой акцыі» на фабрыцы «Камунарка» (гэта значыць, маючы нават адну акцыю, дзяржава магла правесці любое рашэнне) і прызначылі свайго дырэктара. Для гэтага была распаўсюджана інфармацыя, што «Камунарку» хочуць прадаць за бутэльку гарэлкі. Гэта была адкрытая і нахабная правакацыя. Але да патрэбных вушэй інфармацыя дайшла», - распавядае Сергей Скрабец, былы бізнэсове і дэпутат.

Менавіта так, праз сувязі і інтрыгі Марат Новікаў (дарэчы, былы дырэктар гастранома) стаў уладальнікам аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў Беларусі.

Нядзіва, што каментароў ад былога ўладальніка «Камунаркі» асабліва не чуваць. Гэта і зразумела, бо прыйдзецца падрабязна распавесці якім чынам невядомы сярэдні бізнэсовец змог атрымаць акцыі фабрыкі.

Адзначым, што ўцекаў інвестараў, пасля нацыяналізацыі «Камунаркі» і «Спартака» таксама ня бачна. Калі б усе было так, як пішуць некаторыя СМІ і эксперты — за месяц паловы б ня стала, але нешта ніхто не варушыцца.

Іншая справа — што і дзяржаўным медыя варта было б перастаць баяцца даваць аб'ектыўную карціну таго, што адбылося. Тады можа і пытанняў было б менш.

Комментариев нет:

Отправить комментарий