30 нояб. 2012 г.

Турэцкі рачны порт пад Брагінам

Турэцкая кампанія плануе пабудаваць у Беларусі рачны порт. Пра гэта паведаміў 22 лістапада міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак.

А. Сівак: "Мы маем планы, і заключаны інвестыцыйны дагавор з турэцкай кампаніяй аб будаўніцтве ў самай паўднёвай кропцы Беларусі порта. Калі ён з`явіцца, мы зможам працаваць з суднамі „рака-мора“. Гэта значыць судна (якое належыць або інвестару, або нашаму дзяржаўнаму прадпрыемству) зможа перавозіць грузы і па Міжземным моры без перагрузкі. Нашы буксіры пакуль не могуць хадзіць ніжэй за Кіеў. Ёсць пэўныя патрабаванні, адпаведнасць ім упіраецца ў пэўныя рэсурсы, патрэбныя інвестыцыі".

14 лістапада Міністэрства транспарту Беларусі і турэцкая кампанія падпісалі ў Менску інвестыцыйны дагавор, які прадугледжвае рэалізацыю праекта па будаўніцтве і эксплуатацыі рачнога тэрмінала і партапункта на рацэ Дняпро.

Порт плануецца пабудаваць у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці, дзе для яго ўжо выдзелены два ўчасткі. Аб`ём інвестыцый прадугледжваецца ў памеры 10 млн. долараў. Тэрмін рэалізацыі праекта — тры-чатыры гады.

Порт зможа прымаць судны са значна большай грузападымальнасцю ў параўнанні з іншымі партамі. Порт будзе размешчаны на беразе Кіеўскага вадасховішча, якое досыць глыбокае.

Нагадаем, што нядаўна з'явілася інфармацыя, што туркі (а таксама кітайцы) займаюцца будаўніцтвам і гідраэлектрастанцый на Дзвіне.


Комментариев нет:

Отправить комментарий