9 нояб. 2012 г.

Шайгу - наёмнік, Нарышкін - пераёмнік

У Расіі новым міністрам абароны прызначаны тувінец Сяргет (Сяргей) Кужугетавіч Шайгу. Яго то надзвычайныя сітуацыі паставяць вырашаць, то падмаскоўнай акругай кінуць пакіраваць.

Гэта не першы такі выпадак. Да зусім нядаўняга часу расійскае Міністэрства ўнутраных спраў узначальваў іншы чалавек з "еўразійскім" прозвішчам - Сяргей Нургаліеў.

Таксама адзначым асаблівую ролю ў расійскім грамадска-палітычным жыцці чачэнцаў з іх лідэрам Рамзанам Кадыравым, якія нагадваюць даўнейшых беспакаральных апрычнікаў - ім (іх рэспубліцы) плацяць вялізныя грошы, а яны трымаюць у страху палову Расіі.

Гэта з аднаго боку. А з іншага боку назіраем іншую надзвычай цікавую тэндэнцыю.

З нядаўняга часу аблічча расійскай улады набывае абрысы людзей, чые прозвішчы - Нарышкін (узначальвае парламент - Думу), Шувалаў (намеснік прэм'ер-міністра), Рурыкаў (пуцінскі "полпред" ва Ўральскай акрузе, такі раптоўны "піліп з канапель").

Гэтыя прозвішчы адсылаюць да часоў колькісотгадовай даўніны, да часоў, калі закладалася тое, што ў Расіі называюць "традыцыямі расійскай дзяржаўнасці".

Намошчваецца масток ад Старажытнай, Кіеўскай Русі праз Маскоўскую Русь і Санкт-Пецярбургскую Расію да цяперашняй РФ.

У гэтых высілках забеспячэння пераемнасці расійскія ўлады не паказваюць нічога новага - усё тая ж, досыць састарэлая схема тых "традыцый дзяржаўнасці", накрэсленая яшчэ ў Расійскай імперыі і падтрыманая ў Савецкім саюзе.

І вось у тым, што сама схема гэтая - састарэлая, непраўдзівая і хісткая, і палягае, трэба думаць, адказ на пытанне, чаму пры тых усіх дэкаратыўных нарышкіных і рурыкавых расійская ўлада "падпаясваецца" мілітарнымі кадыравымі і шойгамі.

Час тых схемаў мінуў, у самім расійскім народзе ўсё мацнейшыя схільнасці да палітычнай дэцэнтралізацыі і этна-культурнай рэгіяналізацыі.

А таму каркасам для абноўленай "Расійскай імперыі" могуць быць толькі іншародныя апрычнікі-янычары.

Такое апірышча, вядома, само па сабе хісткае, ненадзейнае і вырачанае на паразу ў недалёкай будучыні, зусім як у даўняй Рымскай імперыі, у яе познім перыядзе.

Іншая рэч, што, падобна, адна з частак накрэсленай тут для Расіі карцінкі рэалізуецца ў Беларусі.

Менавіта пры існым рэжыме ўжо склалася, што пасады сілавых міністраў займаюць не беларусы, а выхадні з Расіі або (радзей) Украіны.

У Беларусі гэта вытлумачаецца падобна, але тут менш далекасяжная мэта.

Прэзідэнт Лукашэнка таксама не верыць, што тое, што тут ён робіць, беларускі народ падтрымлівае.

Але ў Расіі будуюць антыгістарычныя фантасмагорыі, а ў Беларусі проста падтрымліваюць панаванне аднаго чалавека.

На фота: Сяргей Шайгу; Сяргей Нарышкін; Энвер Барыеў, міністр надзвычайных сітуацый Беларусі.


Комментариев нет:

Отправить комментарий