8 нояб. 2012 г.

Чым камяні лепшыя за ідалаў?

1 лістапада ў Кіеве быў спілаваны паганскі стод, які прастаяў на Старакіеўскай гары ў цэнтры горада тры гады.

Стод быў усталяваны 24 жніўня 2009 года, на Дзень Незалежнасці Ўкраіны.
Тады стод пранеслі з Падолу да гары, г.зн. паўтарылі ў адваротным кірунку шлях, якім тысячу гадоў таму працягнулі сцягнуты з гары стод Перуна.

Вага стоду такая, што каб яго знесці (а парэшткі драўлянага слупа не знойдзеныя), патрэбна 10-15 чалавек.

Ва Ўкраіне актыўна адбываецца процістаянне прыхільнікаў праваслаўнай рэлігіі і непаганаў, якія там аб'яднаныя ў некалькі даволі моцных і шматлікіх супольнасцяў.

Гэты стод даўна муляў вока праваслаўным: у верасня 2009 г. стод спрабавалі падпаліць і спілаваць, але справу не дакончылі, бо вэрхал узняў ахоўнік блізка размешчанага музею; у лютым 2010 г. на неапаганаў напалі, а стод аблілі мазутам; у снежні 2010 г. стод тройчы спрабавалі падпаліць.

Такім чынам, калі па праўдзе, дык і месца, і сам шматпакутны стод даўно ўжо былі апаганеныя. А ўлічваючы, што месца не ахоўвалася і туды соваліся хто заўгодна, дык найверагодней апаганьванне магло адбывацца ў тым ліку і нябачна, з выкарыстаннем адпаведных нефізічных сродкаў.

Упартае ўшанаванне такога месца мае, відаць, пад сабой хіба што прычыны "палітычнага" характару.

У гэтым сэнсе звяртае на сябе досвед прыбалтаў, якія стодаў не ўзводзяць, а ўшаноўваюць камяні, агонь, крыніцы, дрэвы.

Цікава, што яшчэ ў "Літоўскім летапісе" гаворыцца, што ўшанавальныя слупы ўсталёўвалі - як напамін пра асобаў, пра падзеі (апісанне падзей "Палемонаўскага цыклу"). Слупы маглі згнісці (пра гэта згадвае летапіс), на памяць гэта не ўплывала, нават тыя нагоды яшчэ больш міфалагізаваліся.

Камянёў ці дрэваў праваслаўныя бурыць не будуць. Бо яны могуць самі лёгка ўваходзіць і ў іхні ўласны сакрум, маючы, тым не менш, выразна паганcкую прыроду.

Як прыклад - адносна нядаўняе з'яўленне на старым спіле галіны на стогадовым вязе ў Хойніцкім раёне (вёска Губарэвічы) выявы, якую мясцовыя прызналі за Маці Божую і якую абагомілі (царква праявы не прызнае). Дарэчы, пра тое месца ходзіць паданне, што туды тройчы прылятаў абраз якраз з Кіева, пра які тут гаворка.

Але гэта не значыць, што трэба сучасным неапаганам (збольшага, гарадскім) аднолькава ўшаноўваць і старых багоў, і даўнія камяні-крыніцы, і атрыбуты, якія пазней з'явіліся ў рамках праваслаўнага сакруму (наслаіліся на прыродныя аб'екты).

Варта разумець, што думка чалавека мае моц, а калектыўная - тым больш. Калі ў галовах моцна абжылося тое ж праваслаўе (а ў Беларусі яго век удвая даўжэйшы, чым у той жа літоўскай Жамойці), дык і "праменіць" тыя думкі будуць так, што на дрэвах будуць з'яўляцца "праваслаўныя" праявы.

Але "праменіць", вядома, па сваім, архаічным спосабе, паводле якога на дрэве можа нешта святое з'явіцца (для хрысціянства, як яно разумеецца ў чыстым выглядзе, напрыклад, у пратэстантаў, такая святасць немагчымая, бо супярэчыць першападвалінам хрысціянства).

Рада тут не ў прылучэнні да народна-хрысціянскага сакруму (як пачынае часам меркаваць той, хто не хоча праводзіць адрозненне, дыферэнцыяцыю паміж сабой гарадскім ды сельскім людам), а ў датрыманні сваёй думкі, каб яна стала паноўнай перш сярод сваёй супольнасці, а тады пашыралася далей, перагукаючыся ў тым ліку і з глыбіннымі асновамі ў народзе.

Трэба таксама прыгадаць і тое, што гадоў з пяць таму якраз на Дзяды, 2 лістапада, манахі са Свята-Елізавецінскага манастыра, што ў менскіх Навінках, у даўняй дуброве на ўскрайку Менску (цяпер за мікрараёнам "Дружба") спілоўвалі дубы.

Звесткі пра гэта ў свой час не прамільгацелі ў інфармацыйнай прасторы.

Хоць у дуброве пілаванне (і нават агонь разводзіць) забаронена, а сама мясціна з'яўляецца запаведнікам.

Драўніна, відаць, потым пайшла ў манастырскія майстэрні рабіць з іх нейкія вырабы. Мэта гэтага застаецца невядомай.


На фота: месца спілавання ў Кіеве; адзін з абрадаў ушанавання стода ўкраінскімі неапаганамі; іншы прыклад апаганьвання наваробнага стоду - у Хмяльніцкай вобласці Ўкраіны; праява ў Губарэвічах.





Комментариев нет:

Отправить комментарий