26 нояб. 2012 г.

Роджэр Скратан: Рады сабе дамо і без Брусэлю

Прапануем інтэрвію з брытанскім кансерватыўным філосафам і публіцыстам, выкладчыкам Букінгемскага ўніверсітэту Роджэрам Скратанам (Roger Scruton), апублікаванае ў польскай газеце "Rzeczpospolita" (пераклад - Svajksta.by).

Інтэрвію са Скратанам змешчанае там у тэматычным дадатку "А калі Еўрасаюза не будзе?"

Гэты погляд знутры Еўрапейскага Саюза, погляд досыць абазнанага еўрапейскага адмыслоўца падаецца карысным на фоне ўнутрыбеларускіх размоў як пра інтэграцыю з ЕС, так і пра шырока разгалошаную апошнім часам "інтэграцыю інтэграцый", якая нібыта мае зрабіць Беларусь пасярэднікам паміж інтэграцыямі еўрапейскай і еўразійскай.


- Спадар Роджэр, якая была б Вашая рэакцыя, калі б Вы ўключылі заўтра тэлевізар і пачулі, што Еўрапейскі Саюз спыніў існаваць?
- Дакладна я не быў бы агаломшаны. Еўрапейскі Саюз па сутнасці ляснуў ужо колькі гадоў таму. Гэта супольнасць духаў, што карыстаецца з розных прывілеяў, якія еўрапейцы за імі легкадумна прызналі. Гэтыя духі святкуюць, але гэта cвяткаванне ў магіле. Еўрапейскі Саюз як палітычная ці эканамічная структура - мёртвы, Гэта фікцыя, уява.

- А калі знікне нават гэтая фікцыя, хто найбольш прайграе?
- Відавочна, армія еўракратаў з Брусэлю. У апошнія гады змест і сэнс існавання Саюза звёўся да таго, каб працаўладкоўваць цалкам бессэнсоўных людзей, якія робяць цалкам бессэнсоўныя рэчы. Гэтыя людзі нідзе больш не знайшлі б працы. Тым часам Саюз - а канкрэтна нацыянальныя дзяржавы, якія фармуюць саюзны бюджэт, - плацяць ім нерэальна высокія заробкі. Гэтых ураднікаў з кожным годам большае і будзе большаць. Гэта незваротны працэс.

- Чаму?
- Бо людзі, якія кіруюць Еўрапейскім Саюзам, не маюць ніякага паняцця, якім чынам гэтая інстытуцыя павінна дзейнічаць. Не маюць ніякіх асэнсаваных намераў і таму патрабуюць дарадцаў. Гэтыя дарадцы таксама не маюць паняцця, што рабіць, і ў гэтай сітуацыі мусяць наймаць армію ўласных дарадцаў. Такое зачараванае кола. Менавіта такім чынам памнажаецца еўрасаюзная бюракратыя. А Саюз робіцца выключна безвыніковай структурай, вырачанай на паразу.

- Хто скарыстаўся б з распадам Саюза?
- Усходнееўрапейская мафія.

- Чаму мафія?!
- Бо крымінальныя структуры з Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы - шчыльна звязаныя са светам палітыкі і вялікім бізнэсам - выкарыстоўваюць еўрапейскую машыну, каб фарсіраваць мясцовае заканадаўства. Яны інспіруюць прадпісанні, якія потым прымаюцца ў Бруселі, тады ажыццяўляюцца ў іх родных краінах і робяць магчымым для гэтых мафій ажыццяўленне розных афёраў. Прыкра, як нізка апусціўся Саюз.

- Ці ліквідацыя ЕС не стала б найбольшай стратай для Нямеччыны?
- Не думаю. Мяркую, што немцы ўжо пазбыліся ілюзіі, што "вялікі еўрапейскі праект" можа ўдасца. Гэта разважныя людзі, яны глядзяць на справы цвяроза і лагічна. У даўжэйшай перспектыве немцы, падобна як і большасць еўрапейцаў, могуць толькі скарыстацца пры развароце да сваёй уласнай, нацыянальнай тоеснасці. Расчараванымі могуць быць бельгійцы, якія ўтвараюць ядро саюзнай бюракратыі. Гэтыя людзі бачаць, што іх маленькая краіна не толькі нічога не значыць у Еўропе, але агулам распадаецца на кавалкі. Саюз для іх - свайго роду дошка паратунку. Калі ўсё лясне, яны будуць вымушаныя шукаць сабе новай працы. Але хто будзе бы ім гэтулькі плаціць?

- Вернемся да немцаў. Выглядае, што для Берліна Еўрапейскі Саюз - гэта досыць карыснае ўтварэнне...
- Ведаю, што ў Польшчы пашыраны погляд, што моцна сфедэраваны Еўрапейскі Саюз - гэта чарговая спроба немцаў узяць кантроль над кантынентам. Толькі што замест зброі гэтым разам для дасягнення сваёй мэты ўжываюць дыпламатыю.

- І банкі.
- І банкі. У такім меркаванні шмат праўды. Але варта памятаць, што гэтак робіцца таму, што еўрапейцы хочуць гэтага кантролю, хочуць гэтага нямецкага ачольвання. Ніхто нікога да Еўрапейскага Саюза за вушы не цягне. Зусім наадварот, чарговая дзяржава на працягу гадоў просіць пра гэта, намагаецца здабыць членства ў ЕС. Дастасоўвае да саюзных патрабаванняў свае праўныя сістэмы і інфраструктуру. І кажучы шчыра - цяжка адмовіць у логіцы аргументу, што лепш, калі немцы дасягаюць сваёй мэты з дапамогай мірных сродкаў, чым сродкаў ваенных.

- Гэта толькі пацвярджае тэзіс, што калі б Саюз зараз распаўся, немцы не былі б у захапленні.
- Яны б хутка прызвычаіліся і пачалі выкарыстоўваць новую сітуацыю. Папярэднія спробы немцаў дамінаваць на кантыненце скончыліся фіяска. Маюць жа ў гэтых справах досвед.

- А што з эканомікай? Якія вынікі распад Саюза меў бы для гаспадаркі Старога Кантыненту?
- Нас застрашваюць, што скон Еўрапейскага Саюза азначаў бы катастрофу. Прагназуюць нейкі гіганцкі крызіс. Але так бывае, што змрочныя папярэджанні ўвогуле не спраўджваюцца. Еўракраты з Брусэлю пачуваюцца як сыр у масле, а эканамічная сітуацыя ў Еўропе - фатальная. Крызіс трывае. Дзе тут логіка?

- Але ці не ёсць так, што толькі аб'яднаная Еўропа можа скласці канкурэнцыю для іншых глабальных гульцоў - для Індыі, Кітаю ці ЗША?
- Дакладна наадварот. Бясконцыя прадпісанні і абмежаванні, накладзеныя на краіны ЕС, забіваюць эканамічную ініцыятыву еўрапейцаў і ўсякую канкурэнцыю паміж краінамі Старога Кантыненту. Гэты саюзны гарсэт, накладзены на еўрапейскія краіны, прыводзіць, што мы не ў стане канкураваць з Амерыкай. Гэта выключна нездаровы эканамічны механізм. Увядзенне сацыялізму, які дэструктыўна ўплывае на эканоміку. Тыя ўсе прадпісанні, рэгуляванні, абмежаванні - гэта джунглі, якія перашкаджаюць прадпрымальніцтву. Каб вынікова канкураваць з іншымі глабальнымі гульцамі, мы мусім найперш увесці свабодную канкурэнцыю ў Еўропе, каб нашае прадпрымальніцтва набралася сілаў. Трэба скончыць умешвацца ў эканоміку.

- Ці вялікі не значыць дужы?
- Натуральна. Саюз агулам не бярэ пад вока спецыфіку асобных дзяржаў. Напэўна ёсць шмат рэчаў, якія палякі ў стане зрабіць лепш за брытанцаў - і наадварот. Тым часам мы павінны трымацца аднолькавых рэгуляцый і правоў. Гэта абсурд. Таму ў выніку Еўропа ператвараецца ў млявага молаха, а лідарам застаюцца амерыканцы. Праблема з Еўрапейскім Саюзам як моцна сфедэраванай супердзяржавай палягае ў тым, што гэта праект, якія ідзе насуперак чалавечай прыродзе. І гэта не толькі ў эканамічнай плашчыні, але таксама ў палітычнай і эмацыянальнай. Не ўдаецца стварыць калектыўнага, еўрапейскага патрыятызму. Існуе толькі патрыятызм нацыянальны і толькі на ім можна будаваць будучыню Еўропы.

- А ці ёсць нешта такое як супольны еўрапейскі інтарэс?
- Не. Кожная дзяржава змагаецца за ўласныя нацыянальныя інтарэсы. Тычыцца гэта ўсіх краін, хоць шмат хто з іх намагаецца схаваць гэты факт. Зрэшты, падобна выглядала амаль ад самога пачатку. Еўрапейскі Саюз заўсёды выкарыстоўваўся хутчэй інструментальна, як машына для фарсіравання ўласных інтарэсаў і дасягнення перавагі над іншымі дзяржавамі.

- Калі гаворка пра нацыянальныя інтарэсы, даводзіцца сцвярджаць, што калі Саюза не будзе, частка краін можа папросту збанкрутаваць. Хоць бы Грэцыя.
- Банкруцтва гэта не канец свету. Аргентына ў сваім часе збанкрутавала. Дзякуючы гэтаму магла адбудавацца, пачынаючы з нуля. З нуля пачыналі таксама немцы пасля ІІ сусветнай вайны. І, мяркую, някепска далі сабе рады. Адразанне Грэцыі ад саюзнай пупавіны можа зрабіць ёй толькі добра. Ёй будзе лягчэй уздымацца ўгару з чыстым рахунка, чым цягнуць гіганцкі горб даўгоў і абавязальніцтваў. Бо гэты горб цягне Грэцыю долу. На дно.

- А ці не выйграюць выпадкам ад распаду Саюза кітайцы?
- Кітайцы? Яны як надзьмуты пухір. Ляснуцца раней ці пазней.

- Вы гаворыце ўсё гэта з пазіцыі брытанца. Вашая краіна мае вельмі моцныя, традыцыйныя сувязі з Амерыкай, вы аддзеленыя ад кантыненту морам. Без Еўрапейскага Саюза добра дасцё сабе рады. Палякі, якія знаходзяцца ў найгоршым у свеце геапалітычным стане, пачуваюцца, аднак, бяспечней, калі з'яўляюцца членамі еўрапейскага блоку.
- Пагаджуся. Гэта зусім іншая перспектыва. Калі б я быў палякам, таксама думаў бы найперш пра бяспеку. Гэта вынікае са знаёмства з гісторыяй. У мінуўшчыне вы былі ў значна горшай сітуацыі, чым цяпер, і няма гарантыі, што такая сітуацыя не паўторыцца зноў.

- Проста не хочам падпасці пад Расію.
- У гісторыі Польшчы раз за разам паўтараецца адзін і той жа страшны для вас сцэнар - немцы і расійцы змаўляліся над вашымі плячыма і вас нішчылі. Скажу зараз нешта, што можа выклікаць шок, але я мяркую, што такі сцэнар можа паўтарыцца.

- Еўрапейскі Саюз і дзякуючы яму блізкая сувязь Польшчы з Нямеччынай многім палякам выглядаюць сродкам процідзеяння такому страшному хаўрусу.
- Разумею гэта. Распад Саюза можа мець для Польшчы вельмі негатыўныя наступствы. Нельга выключыць, што гэта пацягне за сабой выбух нейкага еўрапейскага канфлікту, змену статусу кво, што можа моцна ўдарыць па Польшчы. Аднак я мяркую, што гэта працэс, якога не ўдасца затрымаць. Вы мусіце глядзець рэальна і рыхтавацца да таго, што мроіва - імя якому Еўрапейскі Саюз - раней ці пазней развеецца.

- Але як? Аналітык Джордж Фрыдман мяркуе, што Польшча павінна зрабіцца еўрапейскім Ізраілем. Узброіцца па вушы і падрыхтавацца да найгоршага.
- Думаю, што ў выпадку Польшчы не ўдасца падрыхтавацца да найгоршага.

- Вы кажаце, што адзіная рэч, якую можна зрабіць з Саюзам, гэта ліквідаваць яго. А мо' яго трэба папросту глыбока рэфармаваць?
- Усе даўно кажуць пра рэфармаванне Саюза, але неяк гэта не спрацоўвае. Чаму? Няма ніякай працэдуры, якая б рабіла гэта магчымым. Няма спосабу для таго, каб пастулат пра рэформу быў ажыццёўлены. Людзі, якія мелі б ажыццявіць гэтую рэформу, - гэта тыя ж еўракраты, якіх варта было б выкінуць на сметнік. Яны мусілі б тады самі падпісаць сабе вырак, самі пазбавіць сябе працы. Замкнёнае кола. Еўрапейскі Саюз - гэта машына, якая не мае зваротнага ходу.

- Мяркую, што такі сцэнар усё ж існуе. Мы мусім вярнуцца да каранёў Саюза. Калі гэтая структура ўзнікала, дык не была такою фатальнаю, як цяпер.
- Цалкам пагаджуся. Трэба абмежаваць еўрапейскую інтэграцыю да эканамічнага супрацоўніцтва, распусціць Еўрапейскі Парламент і вярнуць суверэннасць дзяржавам-членам. Але як гэта зрабіць?

Комментариев нет:

Отправить комментарий