9 нояб. 2012 г.

Рада БНР - найважэйшая ў палітыцы

У Вільні пад эгідай Рады БНР адбылася канферэнцыя прадстаўнікоў палітычных і грамадскіх згуртаванняў.


У выніку паседжання быў прыняты Мемарандум, ухвалены ўсімі прысутнымі, якія прадстаўлялі даволі прадстаўнічы палітычны спектр.

Не кранаючы зместу Мемарандуму, варта адзначыць ролю Рады БНР у гэтым.

Сітуацыя такая, што беларускія апазіцыйныя сілы надзвычай разрозненыя.

Разлады сярод лідэраў не могуць спыніць яны самі, хоць, відавочна, патрэбу замірэння разумеюць усе з іх і нават неаднаразова рабіліся адпаведныя спробы.

Прычына палягае ў тым, што беларускія палітычныя лідэры маюць прыблізна аднолькавую вагу.

Што гэта за вага? Рэч не пра грошы (у іншым грамадстве, пры іншай грамадска-палітычнай сістэме, аднак, рэч была б, сапраўды, пра грошы - хто багацейшы, той замаўляе больш мудрагелістую выбарчую кампанію і здабывае больш галасоў).

У сітуацыі ўраўнання ўсіх (усіх аднолькава рэпрэсуюць, усе аднолькава пазбаўленыя магчымасці ўнутрыбеларускага фінансавання, ва ўсіх адзін праціўнік) на першы план выходзіць такі крытэрый, як вага.

Чаму ўжо які час апазіцыйныя палітыкі вельмі ўважліва прыслухоўваюцца да меркавання таго ж Зянона Пазьняка?

Кінулі лаяць яго пры нагодзе і без яе, жвава абмяркоўваюць яго ініцыятывы (пры тым, што да яго КХП стаўленне ўсё ж паблажлівае), не лянуюцца выказваць згоду з тымі ці іншымі яго сцвярджэннямі (пры тым што ён іх агулам ці паасобку часта зневажае).

Бо Пазьняк быў першы, ён даўжэй за ўсіх на гэтым полі нешта ўрабляе. Ён патрыярх (эпітэт "патрыярх" сам да сябе, дарэчы, зусім нядаўна прымераў прэзідэнт Лукашэнка).

У параўнанні не тое што з зусім зялёнамі палітыкамі Рымашэўскім ці Міхалевічам, а нават у параўнанні з якім Шушкевічам ці Багданкевічам (якія ўжо самі ўспрымаюцца як заслужаныя палітыкі).

Больш за тое, Пазьнякоў жа дзед Ян (пра гэта звычайна не артыкулююць асабліва, хоць у падсвядомасці, відаць, сядзіць ва ўсіх) 80 гадоў таму быў адным з лідэраў беларускага руху за Польшчай і за тое знішчаны бальшавіцкай уладай, якая пазней апанавала Заходнюю Беларусь.

Пазьняк, такім чынам, з сімвалічнага гледжання, з гледзішча гістарычнай справядлівасці мае найбольш з усіх правоў, каб прэтэндаваць на нейкае нешта ў Беларусі.

Ён - як беларускі Гунціс Улманіс, унук апошняга перадваеннага прэзідэнта Латвіі Карліса Улманіса, якога (унука) адразу па здабыцці Латвіяй незалежнасці латышы выбралі на прэзідэнта, каб засведчыць непарыўнасць незалежнасці.

Дык вось, Рада БНР мае яшчэ большую вагу, чым нават у Пазьняка.

Яе суб'ектнасць неўзабаве перасягне стогадовы рубеж.

Марна думаць, што Івонка Сурвіла (старшынька БНР) мае больш розуму, чым ва ўсіх беларускіх палітыкаў, таму да яе звяртаюцца як да арбітра.

Роля БНР як арбітра, "парасона", платформы мае найперш сімвалічную функцыю, вагу.

І, відаць, беларускі палітыкум пакрысе (праз дваццаць гадоў фактычнай незалежнасці) даходзіць да разумення нейкіх вельмі істотных рэчаў.

Раней жа да Рады БНР нашыя палітыкі ставіліся як да нейкага атавістычнага "атожылка", як да заакіянскіх дзядуляў-бабуляў, якія не разумеюць рэальных працэсаў у Беларусі.

Можна думаць, набліжаецца час, калі Беларусь у той ці іншай форме засведчыць пераемнасць сваёй дзяржаўнасці ад тых, хто ёю некалі сапраўды рупіўся і ёй ахвяраваўся.

Гэта, апроч іншага, прыўнясе яснейшае разуменне такога паняцця як "традыцыя", што станоўча адлюструецца і на ўсім грамадстве ("традыцыі" пачнуюць актуалізоўвацца ў зусім розных, у тым ліку далёкіх ад палітыкі сферах).

Такім чынам, той, хто выконвае сімвалічную ролю, мае вялікае значэнне. Гэтае значэнне асабліва актуалізуецца ў часе крызісу ды можа істотна палепшыць асновы грамадства.



Комментариев нет:

Отправить комментарий