30 нояб. 2012 г.

Гульні ў салдацікі з аглядкай на Маскву

У Гродна 30 лістапада адкрыўся казацкі вайскова-патрыятычны клуб «Отечество».

Ён пачаў дзейнічаць на базе гарадскога ліцэю №1. Паводле арганізатараў клуба, іх задача - «патрыятычнае» выхаванне моладзі на грунце «традыцыяў казацтва».

Казацкі рух пачаўся ў Беларусі з падачы прарасійскіх сілаў яшчэ 20 год таму. Залішне казаць, што дзядзькі ў папахах выглядалі даволі экзатычна для нашай краіны, дзе казацтва, прынамсі ў тым выглядзе, у якім яно зараз распаўсюджваецца, ніколі не было.

З чым асацыююцца казакі ў нашай краіне - гэта са спаленымі гарадамі паўднёвай Беларусі падчас вайны 17 стагоддзя ды з падаўленнем вызваленчых паўстанняў 19 стагоддзя.

Натуральна, што ўсур'ёз казацкі рух у нас і не ўспрымаў ніхто, але на пэўныя рэчы звярнуць увагу ўсё ж такі варта.

У апошнія 2 гады гульні ў салдацікі набылі новыя рысы — з забавак дарослых людзей яны ператварыліся ў спробу ўплываць на падзеі на лакальным узроўні.

Новыя казакі у некаторых беларускіх гарадах патрулююць вуліцы і актыўна прасоўваюць свае ідэі пад шыльдай «патрыятычнага выхавання моладзі» у школы.

Як нам распавялі навучэнцы гарадзенскага ліцэю, падчас адкрыцця клубу выступоўцы падкрэслівалі, што галоўнымі падмуркамі руху з'яўляюцца адданасць ідэі «вялікай Расіі» ды праваслаў'ю.

Таксама дзецям распавялі, што калі яны далучацца да клубу, то з цягам часу могуць стаць «сапраўднымі казакамі», якіх у розных падобных установах на тэрыторыі Беларусі ўжо налічваецца некалькі тысячаў.

Адзначым, што большасць звычайных навучэнцаў паставіліся да клубу з гумарам, а з казакаў нават крыху пасьмеіваліся. Але, калі словы пра некалькі тысячаў — праўда, то варта задумацца. Не, не пра пагрозу казацкіх нашэсцяў, а пра скалечаную псіхіку некалькіх тысячаў маладых беларусаў, якім са згоды дзяржавы ўкладаюць у галовы чужыя ідэі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий