6 нояб. 2012 г.

New York Times пра беларускіх знахароў Падляшша

Пра іх ходзяць легенды, іх асцерагаюцца звычайныя людзі, але да іх звяртаюцца, калі надзеі ўжо няма.

На самай ускраіне паўночна-ўсходняй Польшчы жывуць людзі, якія, як кажуць, валодаюць асаблівай сілай. Пры дапамозе замоваў яны могуць лячыць хворых, выганяць злых духаў і нават... спыняць біццё варожых сэрцаў. Яны жывуць на містычным скрыжаванні праваслаўнага хрысціянства і народнай веры, яны лічаць сябе членамі царквы пры тым, што сама царква іх не прызнае. Сярод іншых яны завуцца "шаптунамі".

Фатограф з Варшавы Куба Каміньскі чуў пра гэтых людзей і раней у апавяданнях, якія больш паходзілі на незвычайныя легенды. Але ўсё ж іх жыццё здавалася настолькі загадкавым, што патрабавала даследавання.

"Я хацеў зняць нябачнае, - піша 28-гадовы Куба Каміньскі ў блогу Lens амерыканскай газеты "The New York Times" (пераклад матэрыялу - Svajksta.by). - Таму і імкнуўся патрапіць туды, дакрануцца да рэчаў, якія незразумелыя звычайным людзям, сваімі рукамі".

Куба Каміньскі не знаёмы з мовай і традыцыямі Падляшша, якое мяжуе з Беларуссю, Літвой і Украінай, таму ў двухтыднёвую этнаграфічную экспедыцыю з ім паехаў малады антраполаг Томаш Суліма. Ён валодаў мясцовай гаворкай — мяшанкай беларускай і польскай моваў. Падарожжа значна ўскладняла фотакамера, бо людзі, якія жывуць на памежжы, ставяцца да чужынцаў вельмі насцярожана. Угаварыць іх на тое, каб зрабіць здымкі, было складана.

Самі сабе яны шаптунамі не называюць. І не лічаць палякамі. На пытанне пра нацыянальнасць кажуць: "Мы адсюль, тутэйшыя".

Фармальна яны лічаць сабе праваслаўнымі, але тое, што яны кажуць і робяць, - даволі далёка ад хрысціянскай веры.

"Бог загадаў нам праводзіць нашы абрады", - тлумачаць яны. Многія з замоваў могуць прынесці шкоду ці нават смерць. Прыклад гэтаму распавёў сведка абраду. Жанчына звярнулася да адной з бабуляў з просьбай правесці смяротны абрад. Тая адказала: "Я магу зрабіць так, што той, пра каго ты просіш, памрэ. Але, калі ён быў добрым чалавекам, памрэш ты сама".

Жанчына пагадзілася і праз месяц загінула пад трактарам падчас жніва.

Але шаптуны настойваюць, што іх сіла скіраваная ў першую чаргу на лячэнне людзей.

Некаторым з іх удалося пераадолець мяжу паміж сваёй практыкай і царквой. Куба Каміньскі прыводзіць прыклад праваслаўнага святара, які прымае людзей пасля імшы, каб пазбегнуць увагі з боку старэйшых іерархаў. Да яго многія прыходзілі здалёк, каб папрасіць памаліцца за іх выздараўленне.

"Шаптун для мясцовых людзей нашмат больш аўтарытэтны лекар, чым дыпламаваны медык, - піша Куба Каміньскі. - Сіла, да якой яны звяртаюцца, дзейнічае, калі вы верыце ў яе. Можа быць, гэта рэальныя духі, пра якіх мы ня ведаем, бо ня можам ведаць?"















Комментариев нет:

Отправить комментарий