9 нояб. 2012 г.

Нашчадкі балтаў садзяць дубровы

7 лістапада на пасяджэнні Ўраду Літвы прынятае рашэнне узнагародзіць штогадовай Дзяржаўнай прэміяй імя Ёнаса Басанавічуса стваральнікаў Дубровы нацыянальнага адраджэння Літвы.


Дуброва – унікальны прыродна-культурны помнік. Яго стварылі Віталюс-Пранцішкус Сцяпуліс і Жывіле-Антаніна Мачонене, шматгадовыя працаўнікі на ніве этнакультурнай дзейнасці.

Дуброву нацыянальнага адраджэння Віталюс Сцяпуліс ды Рамуалдас Сурвіла пачалі садзіць у 1989 годзе на малой радзіме патрыярха літоўскай незалежнасці Ёнаса Басанавічуса (ён, дарэчы, выяўлены на літоўскай банкноце ў 50 літаў) у вёсцы Ажкабаляй, што пад Ваўкавыскам-Літоўскім (Вілкавішкіс).

Потым да іх далучылася архітэктарка Жывіле Мачонене, якая распрацавала праект па рэстаўрацыі сядзібных збудаванняў на радзіме Басанавічуса.

У 1989 г. дубочкамі была засаджаная плошча ў 30 гектараў. Сёння Дуброва займае плошчу ў 40 гектараў.

У Дуброве – трынаццаць гаёў, якія маюць свае назвы.

Гэта - гай Балтаў, гай Нацыянальнай памяці, гай Нацыянальнага адзінства, гай Літоўцаў свету, гай Ваўкавысцаў, гай Моладзі, гай Кніганошаў, гай Ахвяраў рэпрэсій, гай Падпісантаў акту 16 лютага (пра незалежнасць Літвы), гай 11 сакавіка, гай Падпісантаў акту аб аднаўленні незалежнасці 11 сакавіка, гай лаўрэатаў прэміі імя Басанавічуса, а таксама колца Сейму Саюдзіса.

У трынаццаці гаях Дубровы расце больш за восем тысячаў дрэўцаў.

Дуброва нацыянальнага адраджэння Літвы разам з мемарыяльнай сядзібай у Ажкаболах унесеныя у рэестр Нерухомых культурных каштоўнасцяў.

Прэмія імя Басанавічуса ўручаецца на яго дзень нараджэння (23 лістапада) і складае 65 тыс. літаў (блізу 200 млн. рублёў).

Цікава, што гэтай восенню на Цвершчыне прадстаўнікі прабеларускага (балцка-крыэўскага) згуртавання “Цвержа” запачаткавалі ініцыятыву “Адновім Акоўскі лес”.

У рамках гэтай ініцыятывы яны правялі пасадку дубкоў у цэнтральнай (пад Цвер'ю) і заходняй (пад Таржком) частцы Цверскай вобласці, амаль дакладна на тэрыторыі даўнейшага сакральнага для балтаў і індаеўрапейцаў Акоўскага лесу.

А яшчэ раней, падчас адной з дударскіх канферэнцый на хутары ў Алеся Лася пад гукі дудаў таксама садзілі маладыя дубкі.

Так што такое робіцца пэўнай адзнакай: садзіш дубкі – прыналежыш да спадкаемцаў даўнейшых балтаў, бо толькі іх нашчадкі (ці то ў Літве, ці ў Беларусі або на ўсходніх землях) такое цяпер і робяць.

Гэта таксама ставіць пытанне, хто сапраўдны "зялёны" і "эколаг" - той, хто змагаецца "супраць" чагосьці (гэтым звычайна бавяцца прадстаўнікі "левых"), або той, хто "за" і займаецца стваральнай "зялёнай" дзейнасцю (прадстаўнікі, так бы мовіць, "правых").


На фота: Дуброва; "цвяржане" садзяць дубкі; дудар Алесь Лось перад дрэўцам.


Комментариев нет:

Отправить комментарий