21 нояб. 2012 г.

Без нафты лепш думаецца

Расія адмовілася пастаўляць у Беларусь тыя аб'ёмы нафты, якія патрабаваў афіцыйны Мінск.

Замест 23 мільёнаў тонаў, пра якія ўжо паспелі паведаміць афіцыйныя крыніцы, наша краіна ў наступным годзе атрымае толькі 18.

Калі пакінуць палітычныя чыннікі, а менавіта тое, што з такой колькасцю нафты ўлады сутыкнуцца з сур'ёзнымі праблемамі, то такі крок Масквы можа справакаваць адыход нашай краіны ад простых спосабаў заробку грошай.

Маецца на ўвазе вядомая схема беларускіх уладаў: атрымліваем танную нафту, перапрацоўваем яе на НПЗ у Наваполацку і Мазыры і прадаем на Захад па рынкавым кошце.

Па вялікім рахунку гэта галоўны сакрэт беларускага «эканамічнага цуду».

Але ён, акрамя ўмацавання ўлады Аляксандра Лукашэнкі, вёў да замаруджвання развіцця краіны і, адпаведна, прывязкі яго да Расіі.

Відаць, Мінск і Масква ўсё ж такі дамовяцца, але кошт будзе занадта вялікі, бо расійцы выдатна разумеюць, што праз збег палітычных і эканамічных абставінаў звяртацца прэзідэнту Беларусі проста няма да каго.

Апошняя спроба дамовіцца з захадам была сёння ў Брусэлі, куды паехала прадстаўнічая дэлегацыя нашай краіны. Але, гледзячы па маўчанні афіцыйных СМІ, ні аб чым вартым агучвання там не дамовіліся.

Але ёсць і іншы шлях — пагадзіцца на тыя 18 мільёнаў тонаў і думаць.

Думаць, аб тым як выжыць без выпрошвання «халяўнай» нафты. Сваім розумам і сваімі сіламі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий