Дэмаграфічнай сытуацыяй
вельмі занепакоеныя не толькі ў Беларусі.
Паводле прагнозаў за
бліжэйшыя 20 год насельніцтва Польшчы
скароціцца на 6 мільёнаў чалавек.
У Польшчы не спыняюцца
дыскусіі на тэму дэмаграфіі ў краіне
ды дзяржаўнай палітыкі ў сямейнай сфэры.
Гэтыя дыскусіі выкліканы прагнозамі
дэмографаў. Паводле падлікаў старшыні
Дзяржаўнай рады народанасельніцтва
Зьбігнева Стшэлецкага, да 2040-га году
польскае насельніцтва скароціцца на 6
мільёнаў людзей.
«У першую чаргу гэта
праблема ваяводзтваў без вялікіх
аглямэрацый - гэта ўсе памежныя ваяводзтвы
Польшчы. Уся краіна ўваходзіць у зону
дэмаграфічнага крызысу. Гэта пацьвярджаюць
прагнозы польскія ды міжнародныя, у тым
ліку ААН. Палякаў стане менш на некалькі
мільёнаў. Адвярнуць гэтую тэндэнцыю
можна праз стрыманьне падзеньня
нараджальнасьці, а таксама большага
адкрыцьця на эміграцыю», - кажа ён.
Больш стрыманыя ацэнкі
прыводзяць прадстаўнікі Галоўнага
статыстычнага ўпраўленьня.
«Галоўнае статыстычнае
ўпраўленьне падрыхтавала прагнозы да
2035-га году. Да гэта часу будзе нас менш
на 2 мільёны. Што тычыцца далейшай
пэрспэктывы, ёсьць розныя погляды. Можна
спрачацца, ці 6, ці 5 , ці 4 мільёны, але
дакладна насельніцтва будзе скарачацца,
як мінімум больш чым на 2 мільёны», -
адзначае Люцына Новак, кіраўнік дэпартамэнту дэмаграфічных дасьледаваньняў.
Нягледзячы на розьніцу
ў ацэнках дэмографаў палітыкі лічаць
гэтую пэрспэктыву вельмі сур’ёзнай
праблемай. Таму іншая частка дыскусіі
датычыць таго, якім чынам можна запаволіць
гэтую тэндэнцыю. Адно з рашэньняў –
разбудова сацыяльнай інфраструктуры
(дзіцячыя садкі, іншыя формы апекі над
дзецьмі), каб дазволіць жанчынам спалучаць
мацярынства з працай.
Гаворыць міністарка
з канцылярыі прэзыдэнта Ірэна Вайціцка:
«Размова
ідзе ў першую чаргу пра шырокі ўрадавы
пакет новаўвядзеньняў, якія датычаць
дашкольнай апекі, даўжэйшага адпачынку
па выхаваньні дзіцяці. Гэта адзін з
фрагмэнтаў больш шырокай «сямейнай»
палітыкі, мэта якой - дэмаграфічнае
адраджэньне краіны. Размова ідзе пра
тое, каб стварыць умовы для моладзі для
павялічэньня сям’і. Як вядома, надалей
застаецца вялікая розьніца паміж
пажаданьнямі моладзі, а сапраўднай
колькасьцю дзяцей. Менавіта на гэта
можа ўплываць сямейная палітыка».
Іншая актуальная справа
– апека над пажылымі людзьмі. Гэта
вельмі важнае пытаньне ў Польшчы, дзе
старэйшых асобаў павялічваецца, а
адпаведных установаў не прыбывае,
зазначае доктар Аніта Абрамоўска з
Вышэйшай гандлёвай школы.
«У першую чаргу трэба
зьвярнуць увагу на тое, што будуць
пагаршацца адносіны паміж пакаленьнямі
й паасобнымі ўзроставымі групамі. Гэта
зьвязана з тым, што будзе ўсё менш людзей,
якія змогуць апекавацца несамастойнай
старэйшай асобай. Гэта вельмі важна! Бо
ў нашай краіне апекай за старэйшымі
людзьмі займаюцца сем’і. Дзяржава й
дзяржаўныя ўстановы замала ў гэтай
справе дапамагаюць», - кажа яна.
Якая дэмаграфічная
сытуацыя ў Беларусі? Ня лепшая чым у
Польшчы. За апошнія 10 гадоў насельніцтва
Беларусі скарацілася больш чым на 500
тысяч чалавек. Вельмі моцна скарацілася
колькасьць дзяцей (на 30%), а павялічылася
колькасьць удоваў (18%) - як пасьля ІІ
сусьветнай вайны.
Пры такой тэндэнцыі
колькі застанецца беларусаў праз 20-30
гадоў? Якія гэта будзе мець наступствы
для эканомікі? Нэгатыўныя, кажа эканаміст Міхась Залескі.
«Яшчэ ў савецкія часы
ў Беларусі была дэпапуляцыя, тады гэтую
інфармацыю засакрэцілі, хаця гэтыя
працэсы пачаліся даўно, бо пераход
адбыўся як у Эўропе ў 1935-м годзе. Дзетнасьць
тады была сярэдняя 5,6 дзіцёнка на сям’ю.
З таго часу дзетнасьць пачала скарачацца
й цяпер вакол адзінкі боўтаецца. Адсюль
ідзе й дэпапуляцыя. Старыя дажываюць
свой век, а маладых нямнога. Турбавацца
варта ня столькі пра скарачэньнем
насельніцтва, а зьмяненьне дэмаграфічнай
структуры. Узрастае група старых,
пэнсіянэраў, гэта абцяжарвае сацыяльную
сытуацыю ў краіне. Тым, хто застаўся,
трэба павышаць прадукцыйнасьць сваёй
працы, каб утрымліваць сваіх старых і
нямоглых», - упэўнены ён.
Дэмаграфічныя праблемы
ўсё вастрэй закранаюць Цэнтральную ды
Ўсходнюю Эўропу. Сыстэматычна апошнія
дзесяцігодзьдзі колькасьць насельніцтва
ў гэтай частцы Эўропы скарачаецца. Урады
спрабуюць пераламаць гэтую тэндэнцыю,
але пакуль беспасьпяхова.
Polskie radio
Polskie radio
Комментариев нет:
Отправить комментарий