19 нояб. 2012 г.

Колькі ў Літве неапаганаў: афіцыйныя звесткі

Агучаная афіцыйная статыстыка па колькасці літоўскіх неапаганаў.

19 лістапада на сайце літоўскага Дэпартаменту статыстыкі апублікаваны афіцыйны статыстычны каталог за 2012 г.

У каталогу выкарыстаныя звесткі леташняга (2011) усеагульнага перапісу жыхароў Літвы.

Паводле афіцыйных звестак, на стан 2011 г. колькасць тых, хто падчас перапісу пазначыў сябе як спаведнік "балцкай веры", налічвае 5,2 тыс. чалавек.

Гэта складае 0,2 % ад колькасці ўсіх жыхароў Літвы.

За дзесяць гадоў колькасць спаведнікаў балцкай веры павялічылася ў чатыры разы.

У 2001 г. такіх налічвалася 1,3 тыс. чалавек.

Цікава адзначыць, што ў працэнтных суадносінах колькасць праваслаўных,  пратэстантаў і старавераў не змянілася (адпаведна 4,1 -1,6 - 0,8), а вось колькасць каталікоў зменшылася на 2 працэнты (з 79 да 77).

Менавіта вынікаў гэтага перапісу працяглы час чакала літоўская "Рамува", каб з новымі дадзенымі аднавіць працэс прызнання сваёй канфесіі ў якасці традыцыйнай.

Першы раз такая спроба была ў пачатку 2000-х гадоў.

Нагадаем, што літоўская "Рамува" была афіцыйна зарэгістраваная як рэлігійная супольнасць у 1992 годзе.

Паводле літоўскіх законаў традыцыйнаю рэлігійная грамада прызнаецца, калі на тэрыторыі краіны яна дзейнічала прынамсі 25 гадоў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий