23 нояб. 2012 г.

Ёнас Трынкунас: Літоўская таямніца

Публікуем пераклад тэксту, напісанага лідарам літоўскага этнарэлігійнага руху "Рамува" Ёнасам Трынкунасам і апублікаванага ў літоўскім сеціве 23 лістапада. (Пераклад - Svajksta.by)

19 лістапада гэтага года былі апублікаваныя звесткі па перапісе жыхароў Літвы. Паслядоўнікамі балцкай веры запісаліся 5,1 тысяч літоўцаў. 10 гадоў таму іх было запісаўшыся толькі 1,3 тыс. З усіх рэлігійных супольнасцяў Балты выявілі сябе як супольнасць, якая расце і пашыраецца, тым часам як усе іншыя супольнасці змяншаюцца.

Такі росквіт Балцкай веры на працягу прамінулага дзесяцігоддзя сапраўды здзіўляе.

Старалітоўская вера афіцыйна была забароненая актам літоўскіх уладароў 1387 года. Таму, калі літоўцы, якія абудзіліся пасля пяці стагоддзяў, пачалі казаць пра ажыўленне старой веры, паўстала пярэчанне: "Гэта немагчыма, усё даўно сканала".

Скептыкаў багата і сёння, бо рэлігію яны ўяўляюць толькі ў хрысціянскім ці мусульманскім выглядзе, г.зн. павінны быць "святыя кнігі", бажніцы і г.д. Але старая рэлігія грунтуецца на зусім іншых сілах, якіх немагчыма знішчыць ці заціснуць пастановамі тых, хто пры ўладзе.

Што ж гэта за такія сілы? Гэта тысячы літоўскіх святых мясцінаў, якія надаюць літоўцам невымяральную моц. Гэта народныя песні і сутарцінес, якіх некалькі соцень тысячаў. Іх тамы і складаюць нашую "святую кнігу". Балцкая вера, што адраджаецца, з такіх песень ды гімнаў і чэрпае сілы. Рамувоўцы амаль усе прыйшлі з боку народных песень. Разуменне старой рэлігіі нарадзіла не толькі спяванне народных песень, адначасова ўзнікла і разуменне сімвалаў песень і выказаных у іх таямніцаў веры. Гэтае разуменне зрабілася асновай рэлігійнага светапогляду.

Але адкуль гэтыя пяць тысяч балтаў-вернікаў? Шмат тлумачыць папулярнасць шлюбаў пры вогненным ахвярніку. Звычайна на такі абрад збіраецца блізу 40-50 блізкіх людзей. У апошнія гады такіх абрадаў сапраўды вельмі шмат. У часе абрадаў пры агні ўшаноўваюцца продкі і багі. Нават дзіўна бачыць, як зусім розоныя людзі - і іншай веры, і зусім не верачыя - з пашанай бяруць удзел у абрадзе.

Рамувоўскіх суполак на сёння каля трыццаці. Апроч рамувоўцаў, ёсць яшчэ некалькіх аб'яднанняў старой веры. Але большасць тых, хто падчас перапісу пазначыў сваю прыналежнасць да балцкай веры, найверагодней не прыналежыць ні да якой афіцыйнай суполкі. Гэта і ёсць літоўская таямніца. І тут пацвярджаюцца словы Відунаса: "Наймацнейшая сіла, што яднае народ, мацнейшая нават за мову, здаўна гэта яго рэлігія". Архетыповая літоўская самасвядомасць заахвочвае літоўцаў звяртацца да веры продкаў. Рамувоўцы ўгледзелі рэлігійную традыцыю ў жывой фальклорнай літоўскай культуры.

Балцкі рэлігійны рух вядомы ў Еўропе і свеце. У 2009 г. у Мельбурне ў Парламенцe Рэлігій Свету людзі з Рамувы ўдзельнічалі як прадстаўнікі еўрапейскіх этнічных рэлігій. Балты робяцца прыкладам для руху еўрапейскіх этнічных рэлігій.

Alkas.lt

Комментариев нет:

Отправить комментарий