28 нояб. 2012 г.

У Кейданскім краі з'явілася "савіная" вёска

Пад літоўскімі Кейданамі ўрачыста адкрылася першая ў раёне "тэматычная вёска". Яе з'яўленне натхнёнае аналагічнымі прыкладамі ў Зарасайскім і Ігналінскім раёнах Літвы.

Назва кейданскай вёскі Пяледнагі літаральна значыць "савіныя кіпцюры" (пяледа - "сава").

Назва і прыклад з іншых літоўскіх мясцінаў заахвоцілі мясцовых жыхароў арупіцца "брэндаваннем" сваёй вёскі, каб сцвердзіць яе адметнасць, прыцягнуць гасцей і забяспечыць будучыню паселішчу.

Адкрыццё адбылося ў вясковым Цэнтры культуры, прысутнічаў староста вёскі, госці з Кейданаў, з іншых вёсак.

Пасля згукаў савы гасцей пазнаёмілі з легендай пра заснаванне Пяледнагаў, пачаставалі мясцовым пірагом з морквы, кавай з жалудоў, узятых з Тысячагадовай дубровы, што разлягаецца ля вёскі.

Потым прадэманстравалі адукацыйную праграму, адметнасцю якой было вязанне бранзалетаў (а таксама соваў!) ды навучанне таямніцаў старажытнага літоўскага народнага мастацтва - вязання.

Таксама працавала выстава сувеніраў ручнога вырабу, дзе найбольшы попыт мелі вязаныя совы.

Пасля гэтага гасцей павялі лясной "савінай сцежкай", суправаджаючы народнай песняй пра саву, паказалі савіныя месцы.

Па словах саміх пяледнагцаў, такі культурны асяродак прыцягне і дарослых, і дзяцей (на іх разлічана шмат што ў адукацыйнай праграме), таксама народных майстроў, вырабы якіх на савіную тэматыку знойдуць сабе месца на выставе-продажы.

Працягласць адукацыйнай праграмы - адна гадзіна. За другую гадзіну сяк-так напрактыкаваны чалавек пры ахвоце можа адразу звязаць сабе і саву.

Па словах супрацоўніцы Цэнтра культуры ў Пяледнагах, "Сава - асабліва моцны талісман, за сімвал яе мела грэцкая багіня Афіна. Амулет у выглядзе савы добра будзе пасаваць людзям, што працуюць у сферы рэкламы, у у галінах, звязаных з арыентацыяй у рынкавых тэндэнцыях. Такі амулет дапамагае генераваць новыя ідэі, абараняць свае задумы і паспяхова іх ажыццяўляць".

Комментариев нет:

Отправить комментарий