2 нояб. 2012 г.

Вяртанне забытай вёскі

Фестываль аўтэнтычнага фальклору ў Залессі падвёў рысу пад праектам «Вёска, якая не павінна знікнуць».

У Залессі няма месца, дзе б можна было сабрацца ўсёй грамадой. Быў калісьці клуб, ды дзе тыя часы… Так паціху залесцы і змірыліся з тым, што цікавае жыццё – не для іх. І калі ў мінулым годзе гэтую вёсачку на Кобрыншчыне наведалі энтузіясты з грамадскага аб´яднання «Тур» і пачалі дзяліцца сваімі планамі па арганізацыі канцэртаў і іншых імпрэз, вяскоўцы мала таму давалі веры.

Штаб-кватэрай «Тура» ў Залессі стала пустуючая «маціўска хата», як яе тут называюць (гаспадыня была ўраджэнкай вёскі Мацы). Зараз дом належыць яе ўнуку, сябру аб´яднання «Тур» Аляксандру Быцко. Ён і аддаў хату ў распараджэнне ініцыятыўнай групы.

І хутка вёска адчула, што такое мець справу з людзьмі, апантанымі цікавымі ідэямі. Упершыню ў Залессі працавала фальклорна-этнаграфічная экспедыцыя. Упершыню тут праходзіў мастацкі пленэр з вернісажам. Упершыню праводзіліся майстар-класы па народных рамёствах, дзе маглі ўдзельнічаць як людзі сталага ўзросту, так і дзеці з рынкаўскай школы. Яркай запамінальнай падзеяй стаў фальклорны канцэрт з удзелам аматараў народнай песні з розных куткоў Берасцейшчыны.

Самай жа вялікай нечаканасцю для залесцаў стала тое, як прыдумшчыкі з «Тура» развязалі праблему з глядзельнай залай. Яны прыстасавалі пад яе роў за хатамі – «рэвень» па-мясцоваму. Невялікая нізіна, атуленая ўзгоркамі з купкамі старых бяроз, аказалася дасканалым прыродным амфітэатрам.

Развітваючыся, aрганізатары паабяцалі праз год сустрэцца на гэтым жа месцы. І слова сваё стрымалі. Сёлета, у апошні дзень верасня, залесцы (і не толькі яны) спяшаліся на фестываль аўтэнтычнага фальклору, які называўся так жа, як і мінулагодняе свята - «Вераснёвым днём у рэўню». Да гэтай падзеі роў-«рэвень» нават абзавёўся сапраўднай сцэнай.

Падмосткі над рэўнем

Старая клуня «маціўскай сядзібы» ўзвышаецца над ровам, аддалена нагадваючы славутую гродзенскую Каложу. Паколькі ў грамадскім аб´яднанні «Тур» касцяк складаюць людзі, што працуюць з дрэвам, яны (асабіста гэта Уладзімір Чыквін і Вячаслаў Дароцька) і прыдумалі, як задзейнічаць гаспадарчую пабудову для культурных патрэб.

У суседняй Польшчы не ў навіну выкарыстанне старых клунь пад летнія варыянты канцэртных залаў. Але ў Залессі вырашылі зрабіць па-свойму. Сцэна павінна быць не ўнутры, а ляпіцца да тыльнай сцяны клуні, як ластаўчына гняздо.

Трэба было бачыць вочы ўдзельнікаў фестывалю, калі яны ўпершыню ступалі на незвычайныя падмосткі. Такога ў іх жыцці яшчэ не было! Этнограф з Бельска-Падляскага Томаш Суліма, што прыехаў у складзе фольк-групы польскіх беларусаў, не першы раз наведваў Залессе. Але і ён не хаваў захаплення: «Якія б тут рок-фестывалі можна было праводзіць! Ці конкурсы бардаўскай песні!»

Хто ведае, можа, сапраўды ў далейшым сцэна ў «рэўні» народзіць свой міні-Вудсток ці стане ўлюбёным месцам аматараў аўтарскай песні? Але 30 верасня ёй быў нададзены выключна фальклорны акцэнт. Да габляваных брусоў і дошак вельмі пасавалі ручнікі і посцілкі са старых куфраў. Франтон упрыгожвала багародзічная ікона – падарунак народнага майстра РБ Марыі Кулецкай. Гэты абраз заўсёды суправаджаў мастачку ў яе вандроўках. Узяла яна яго і ў Залессе. Але, назіраючы за афармленнем сцэны, ахвяравала сваю святыню для агульнай справы.

Ну а правы рог сцэны падпірала драўляная красуня ў чалавечы рост, абутая ў сапраўдныя чырвоныя боцікі. «Маруся са Стойлаў! - пазнавалі дасведчаныя. - Няўжо і сам дзед Тарасюк прыехаў?»

Жывы сімвал праекта

Так, наш вядомы разьбяр па дрэве быў персонай № 1 залескага свята. Калі праект «Вёска, якая не павінна знікнуць» існаваў толькі ў накідах, асобе народнага майстра РБ адводзілася ў ім асаблівае месца. Ён успрымаўся як жывы сімвал той справы, якую збіраліся распачаць. Гэты чалавек сваёй творчасцю змог даць новае, мастацкае быццё роднай вёсцы, што абязлюдзела на яго вачах. Усю тугу па мінуўшчыне ён пераплавіў у яркія мастацкія вобразы, якія нікога не пакідаюць абыякавым.

Таму два гады назад самым першым крокам удзельнікаў праекта «Вёска…» стала паездка па бласлаўленне на хутар Стойлы. З Тарасюка пачыналася дзейнасць праекта, без яго ўдзелу немагчыма ўявіць і падагульненне зробленага.

Чатыры вернісажы ў адным двары

Самая выгодная сцяжына ў «рэвень» вя-дзе праз «маціўскую сядзібу». Але, ступіўшы ў яе двор, глядач трапляў адразу на чатыры выставы.

Сама хата была абвешана жывапіснымі работамі з мінулагодняга пленэру «Людзі і ваколіцы Залесся». Пуню (дакладней, яе адкрытую веранду) аблюбаваў разьбяр па дрэве Вячаслаў Дароцька. Паабкладаўшыся лыжкамі розных формаў і памераў, майстар на вачах публікі рабіў новыя і адказваў на пытанні цікаўных. Ветрык калыхаў над яго галавой цэлую армаду драўляных анёлаў, пад імі на стале выстраіліся фігуркі ласёў. Сутулыя, смешныя, яны вельмі падабаліся гледачам. Вяскоўцы, народ скупы, больш «куплялі вачыма», а вось гараджане і асабліва госці з замежжа (а тут былі і немцы, і палякі) без разваг даставалі партманеты.

Фасад клуні паступіў у распараджэнне Марыі Кулецкай, якая, нагадаем, стаіць ля вытокаў адраджэння роспісу па шкле – некалі распаўсюджанага на Берасцейшчыне віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кветкі і птушачкі на фоне з фальгі выклікалі ў гледачоў настальгічныя ўспаміны.

Па-свойску адчуваў сябе на «маціўскай сядзібе» драўляны народ Мікалая Тарасюка. Адны каляровыя фігуркі размясціліся на палічках, прыбітых да бакавой сцяны клуні, другія - сталі дэкорам для сцэны. Шматфігурныя кампазіцыі ўзвышаліся на тоўстых калодах сярод саду. Ахвочы да размоў стары майстар са сваімі былямі-небыліцамі, быў, як заўсёды, y цэнтры ўвагі публікі.

Вітаем ініцыятыву

Выставы ў двары былі толькі прэлюдыяй да канцэрта ў рове-«рэўні». І не адзінкавай! Бо, як ужо стала традыцыяй, па вёсцы з песнямі і танцамі пайшоў «карагод» з удзельнікаў фестывалю – відовішча само па сабе прыгожае і захапляючае.

У Залессе былі запрошаны 85 сталых і юных выканаўцаў фальклору. Напрыклад, народную творчасць Кобрыншчыны рэпрэзентаваў ансамбль Тэвельскага Дома культуры. Пасланцамі ад населеных пунктаў, дзе раней працаваў праект, прыехалі спявачкі вёскі Перасудавічы Бярозаўскага раёна. З імі – юныя танцоры са Спорава. Ад Маларытчыны, куды накіруецца ініцыятыва «Тура» ў наступным годзе, выступалі калектывы з Хаціслава і Пажэжына. Як добрых знаёмых віталі тут беларусаў з Польшчы – маладзёжны фольк-ансамбль «Жэмэрва» з Бельска-Падляскага.

Прыемныя нечаканасці – звычайная справа для праекта. Вось і ў той дзень пад´ехаў мікрааўтобус і з яго сталі выходзіць людзі са скрыпкамі: «Мы разумеем, што ў вас тут чыстая аўтэнтыка, але, можа, не будзем лішнімі?» Аказалася, ансамбль «Крынічка» з Кобрынскага ДК. Прыехалі па асабістаму запрашэнню Дарафея Фіёніка – удзельніка праекта з польскага боку.

Увогуле Дарафей Фіёнік - добрая прынада для гледачоў. Адзін візіт гэтага чалавека як этнографа і краязнаўцы ў любую беларускую вёску забяспечвае яму новае кола адданых сяброў. Вось і тады, каб пабачыцца з Дарафеем, на фестываль прыехалі дэлегацыі з вёсак Аніскавічы і Акцябр (былая Камень-Шляхецкі). Прычым разам з настаяцелем мясцовай царквы.

Арганізатары не супраць: чым больш лю-дзей трапіць у арбіту іх пачынання, тым больш выйграе агульная справа. Бо, паварыўшыся ў катле праекта, кожнаму хочацца зрабіць нешта добрае для маленькіх вёсак.

А яшчэ заўважым, нефармальная зычлівая атмасфера, якой вылучаюцца мерапрыемствы праекта, раскрывае людскія душы. Так, сапраўдным сюрпрызам для вядучай канцэрта Ларысы Быцко стала жаданне жыхара Залесся Лявонція Гасцеева выканаць дзве народныя песні. Арганізатары ведалі, што гэты мужчына мае выдатны голас, але, як ні ўгаворвалі яго выступіць у мінулым годзе, – не згаджаўся. А цяпер прапанавaў сам. Яго выступленне было ўзнагароджана самымі моцнымі апладысментамі і гарачай удзячнасцю аднавяскоўцаў: маўляў, на нашым свяце мы - не пасіўныя гледачы.

З надзеяй на працяг

Канцэрт у «рэўні» ішоў тры з паловай гадзіны. У звычайнай канцэртнай зале, дзе гледачы сядзяць, бы гарошыны ў струку, не кожны б вытрымаў такі марафон. Але не тое канцэрт у «рэўні» – можаш пагуляць сярод бяроз, схадзіць дахаты і пакарміць жывёлу, легчы на траву, разаслаць тут дыванок. Ніхто нікому тут не перашкаджае, і кожны адчувае сябе вольна.

Вось такім прыгожым акордам завяршылася двухгадовая дзейнасць праекта «Вёска…» на Берасцейшчыне. Падагульніць жа яго вынікі павінна паседжанне круглага стала і фотавыстава «Твары знікаючых вёсак». Плануецца правесці гэтае мерапрыемства ў першай дэкадзе лістапада.

Вечерний Брест

Комментариев нет:

Отправить комментарий