20 нояб. 2012 г.

Беларусі, Літве і Латвіі патрэбныя рабочыя

На базе "Народнай газеты" адбыўся круглы стол "Што трэба, каб прафесійна-тэхнічная школа развівалася?"

Удзельнікі агучылі актуальныя для Беларусі праблемы.

Эдуард Каліцкі (прарэктар Інстытуту прафесійнай адукацыі): "Бацькі па-ранейшаму разглядаюць дыплом аб вышэйшай адукацыі як умову прыналежнасці да эліты грамадства. Мала хто ўяўляе сабе, які высокі ўзровень самапавагі чалавека працы, які атрымаў сапраўдную кваліфікацыю".

Ігар Кіцікаў (дырэктар прафтэхкаледжу ў Вялейцы): "У нашым грамадстве няма моды на добры заробак, прафесійны поспех. Ёсць мода на дыплом, які трэба атрымаць хоць якім чынам, Мне часам даводзіцца адмаўляць у працаўладкаванні дыпламаваным спецыялістам, бо дыплом ёсць, а спецыяліста якраз няма".

Гэтая праблема не толькі датычная Беларусі.

У канцы кастрычніка міністр адукацыі і навукі Латвіі Робертс Кіліс выказаўся ў інтэрвію: "Прафесійная адукацыя - галоўная для рынку працы, яна рыхтуе людзей дакладна для пэўных прафесій".

І далей латвійскі міністр дакладна паўтарае словы беларусаў: "Мы плацім больш за дыплом, чым за веды і навыкі. Навошта гэта рабіць - марнаваць грошы і свае гады, каб атрымаць нейкую паперу! Яе атрымлівае вельмі шмат людзей, з якімі вы канкуруеце. Па сутнасці вы канкуруеце тым, што вы ўмееце. А тое, што вы ўмееце, не надта добра развіваецца ў нашай вышэйшай асвеце".

Нагадаем і меркаванне былога галоўнага фінансіста літоўскага банку "DnB" Рымантаса Рудзкіса, выказанае ў 2011 г.: "Трэба мяняць становішча, калі ці не ўсе, хто скончыў сярэднюю школу, ідуць ва ўніверсітэты. Сетка прафесійных школаў - бадай ляжыць. Мяркую, ва ўніверсітэтах колькасць студэнтаў варта было б прынамсі ўдвая скараціць, а якасць навучання - узняць".

Дарэчы, падчас круглага стала ў "Народнай газеце" Кіцікаў выказаў таксама думку пра тое, што варта было б прапагандаваць рабочыя прафесіі, напрыклад, праз кіно, ствараючы маладзёжныя серыялы.

Комментариев нет:

Отправить комментарий