5 нояб. 2012 г.

Казаўшы пра пантэон, пантэону не прасвятлілі

4 лістапада ў Ракаве пад Менскам адбыліся чарговыя, 5-я па ліку “Ракаўскія чытанні”

Іх ў тамтэйшым Доме фальклору штомесяц праводзяць Тодар Кашкурэвіч на пару з жонкай Вольгай. Гэтым разам з дакладам “Пантэон” выступіў Сяргей Санько.

Серыя імпрэзаў пад шыльдай “Ракаўскія чытанні” задуманая як новая форма існавання Цэнтра этнакасмалогіі “Крыўя”.

У сваім дакладзе Сяргей Санько не пералічваў багоў, што мелі б уваходзіць у пантэон. Нават не было сказана, пра які пантэон гаворка – беларускі, балцкі ці рэканструяваны індаеўрапейскі.
Затое сказаў, што пантэон – з’ява рассяроджаная ў часе (кожнаму богу – свой час у годзе).

Падчас лекцыі ўвогуле дамінавала тэма часу і календара. Паводле Санько, каляндар павінен быць  узгоднены з зоркамі, таму прыўнясенне ў Беларусь якіх японскіх ці кітайскіх календароў недарэчна, “бо на іх небе ззяюць іншыя зоркі”. Рэфармаваць хрысціянскі каляндар было б “справай гонару хрысціянаў”.

Што да пантэону, дык тут запанавала думка, выразна адрозная ад меркавання ў той жа Літве, дзе наймацнейшы паганскі рух з усёй Усходняй (а мо’ і Заходняй) Еўропы.

У Літве поўнай рэканструкцыяй пантэону не бавяцца. Там вылучылі колькі багоў і багіняў, якія, на іх думку, актуальныя для цяперашняй дзейнасці і жыцця паганаў у свеце: Пяркунас – бог-грымотнік, Габія – багіня агня, Жаміна – багіня зямлі, Лайма – багіня долі, Велінас – бог падзем’я і душаў.

Гэтым багам пяюць песні, іх услаўляюць і ім ахвяруюць падчас абрадаў. Нават выдалі невялічкую кніжку “Песні багам і багіням” з тэкстамі гімнаў згаданым багам.
І з гэтымі багамі літоўскія пагане (а яны маюць досыць цэнтралізаваную супольнасць “Рамува”), што называецца, “пайшлі ў народ” – вельмі актыўна праводзяць вяселлі, хрэсьбіны, пахаванні і інш. І літоўскі люд вельмі зычліва да гэтага паставіўся – абрады адбываюцца з усёй большай часцінёй.

На гэтым фоне ў Беларусі вырашылі пазбягаць  адназначных сцвярджэнняў (называючы гэта “далікатнасцю”) і гэтым самым робяць нібыта нешта постмадэрновае – недакончанае, незавершанае,  недаўфармаванае. Пазбягаючы дакладнага акрэслення – такога, за якім будзе не наступны этап “даследавання”, але дзеянне, ужыццяўленне, рэалізацыя. Адкладаючы на потым.

Зрэшты, трэба прызнаць: тое, што магчыма ў Літве, у Беларусі выглядала б зусім іначай. І такой моды на паганскія сямейныя абрады, якія закладаюць аснову пэўных сямейных традыцый і якія так пашыраюцца ў Літве, у нас уявіць цяжка.

Хоць і ў Літве 90 гадоў таму усё таксама пачыналася з купкі неапаганаў вакол рэканструктара (трэба сказаць, досыць кепскага рэканструктара, затое добрага арганізатара) Домаса Шыдлаўскаса.

Гэта дзве розныя стратэгіі: у Літве ідуць “знізу”, разбудоўваючы супольнасць і пашыраючы кола прыхільнікаў праз абрады, а ў Беларусі (калі не кранаць “славянскіх” паганаў, якія перажываюць стагнацыю, бо больш не атрымліваюць імпульсаў з Расіі, у якой у самой ментальны крызіс у гэтай сферы) і пагэтуль, вось ужо дваццаць гадоў, спадзяюцца падысці “зверху”, апанаваўшы “неартыкуляваным паганствам” багемныя колы грамадства, найперш мастацка-інтэлектуальныя.

Хочуць аднойчы ўзяць “адразу і ўсё”, без чарнавой працы з людзьмі, без увагі да таго, што ім сапраўды рупіць, у тым ліку і ў духоўнай сферы (і далёка не факт, што там няма месца "паганству", толькі гэта, відаць, іншае жаданае паганства, чым лозунгі нешта змяніць: імя або цэлы светапогляд). Не ідучы “ад жыцця”, што, як паказвае беларускі досвед, беларусы толькі і ўспрымаюць.

Беларускія казкі паказваюць, што беларусы не надта любяць тых, хто чужымі рукамі хоча жар заграбаць, дый дастаткова ўмеюць перайграваць тых, хто хоча ім нешта накінуць зверху, будзь гэта які акупант ці хітрун-палітык.

Такое ўражанне, што ў Беларусі нейкае замкнёнае кола ўзаемнага абдурвання. Народ прывык, што трэба абдурваць усякіх нахабаў, якія з'яўляюцца яго памяняць, але не ідуць ад яго, народу, жыцця. А і тыя з народу, хто хоча нібыта з добрымі намерамі яго памяняць, таксама бяруцца народ абдурваць, будучы адной прыроды з ім. 

Комментариев нет:

Отправить комментарий