5 нояб. 2012 г.

Рускі-прускі-беларускі

4 лістапада ў Расіі - Дзень вызвалення ад беларуска-літоўскіх захопнікаў. Па праўдзе так меў бы называцца гэты дзень.

У гэты дзень 400 гадоў таму расійскае апалчэнне на чале з Мініным і Пажарскім змусіла здацца гарнізон з Рэчы Паспалітай, які абараняўся ў маскоўскім Крамлі.

Казус у тым, што той гарнізон быў нават не беларуска-польскім (як казалі перапісчыкі дагэтуль), а чыста беларускім (з земляў Вялікага княства Літоўскага), бо польская частка войска перад гэтым адышла з пазіцый.

У гэты дзень расійская радыкальная грамадскасць праводзіць па Расіі "Рускі марш".

Сёлета ў Маскве сярод расійскіх імперскіх сцягоў быў заўважаны і бел-чырвона-белы сцяг.

Не ўдаючыся ў развагі, як ён мог туды патрапіць, прыкмецім і тое, што на процілеглай канцавіне, у Караляўцы (былая Прусія, сёння Калінінградскі край), на "Рускі марш" выйшлі з нямецка-прускімі сцягамі.

Такім чынам, даўно заўважаная гульня са словамі "рускі", "беларускі", "прускі" набывае сваю фантасмагарычную ілюстрацыю.

Зрэшты, так і трэба адказваць на празмерную сур'ёзнасць і апломб, якія так любяць расійцы, - хітраватым размыццём іх дыскурсу.

"Рускі?" Ага, рускі-прускі-беларускі. Як дзіцячая лічылка. Сказаўшы такое ў якому надта сур'ёзнаму расійцу ў адказ на яго апломб, выбіваеш у яго ўсе аргументы.


Комментариев нет:

Отправить комментарий