2 нояб. 2012 г.

Рэспубліка Сало ці хунвэйбіны?

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра патрэбу абнаўлення кіруючых кадраў ва ўладзе - што патрэбны прыход маладзейшых людзей ва ўладныя структуры, але 30-гадовым ва ўладу яшчэ рана.

"Сегодня наша задача - спокойно, без всякого шума и гвалта привести к власти нормальных молодых политиков - 40-45 лет, до 50 лет. Я не сторонник того, чтобы в 25 лет назначать министрами".

Гэта не першая спроба абнаўлення і пераструктуравання ўладных органаў. Памятаем, як было нядаўна абвешчана пра нешта накшталт мабілізацыі, калі цывільных кіраўнікоў вобласцяў апранулі ў вайсковую форму (на фотаздымках яна дысгарманізавала з іх дарагімі цывільнымі туфлямі) і прызначылі абласнымі начальнікамі нечага накшталт "апалчэння".

Зусім нядаўна адзін з маладых 30-гадовых ідэалагічных супрацоўнікаў абвесціў "вконтакте" конкурс эсе на тэму будучыні Беларусі (трэба думаць, такой Беларусі, якая ёсць цяпер, і ніякай іншай).

Усё гэта кажа пра сутаргавыя пошукі выйсця з сітуацыі стагнацыі, у якой апынулася краіна і яе ўладна-ідэалагічная вертыкаль (з гэтага трапна і дасціпна кпіць былы кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі ў сваёй рэгулярнай калонцы на адным паўапазіцыйным навіновым сайце).

Але якія тут расклады?

"Старая гвардыя" навучылася цярпець і цішком ненавідзець здзекі ад прэзідэнта.
Маладая абслуга слаба крэатыўная і, выхаваная зімоўскімі ды новікавымі, умее толькі ненавідзець уяўных замежных і ўнутраных ворагаў.

Крэатыўныя беларусы хто з'ехаў на Захад, а хто туды глядзіць з раскрытым ротам.
Насельніцтва прывучанае да зніжаных інтэлектуальных і культурных стандартаў.
Застаецца хіба малаколькасная маргінальная групка тых, хто неяк умудрыўся апынуцца ў культурна-інтэлектуальным "прагале" паміж апазіцыйным і ўладным мейнстрымамі, "паміж Зянонам і Лукашэнкам".

Якраз апошнія, адчуўшы хісткасць апірышча і падмацавання ўлады, хацелі б шчыліны ў гэтым перасохлым фундаменце запоўніць сабой. Але ці гэта магчыма?

Бачыцца два варыянты: кітайскі (Мао Цзэдонг заклікаў малалетак-хунвэйбінаў граміць чыноўнікаў, каб абнавіць сваю вертыкаль) і італьянскі (Сацыяльная Рэспубліка Сало на поўначы мусілініеўскай Італіі існавала на нямецкіх штыках і адкінуўшы ўсе кампрамісы з каралём і іншымі несацыялістычнымі элементамі).

Для кітайскага няма натхнення, што значыць - мэты такога абнаўлення. Мэта павінна быць ідэалагічнай, а ідэалогія ў Беларусі адна - адзінаўладдзе. А якраз ад гэтага адзінаўладдзя, ад адной асобы і яго стылю ўсе і стаміліся, ад чыноўнікаў і бізнесоўцаў да ультрапрагрэсіўнай моладзі.

Таму маячыць хіба што італьянскі варыянт, дый той - у выглядзе асобных дэкларатыўных "пшыкаў" (мы ўжо бачым што-нешта з гэтага, і гэтая гістэрыка пераспелых маладзёнаў не натхняе).

Ніхто тут не будзе дый не дазволіць вадзіць Мясніковіча ці Батуру па вуліцы Энгельса ў блазенскім каўпаку. Ніхто не будзе Андрэйчанку ці Рубінава вазіць тварам у гразі на Панікоўцы.

Не для таго ўся гэтая складаная сістэма ўладнага балансу будавалася (аднаго прылашчыць, другога адправіць у апалу ці ссылку, потым ізноў вярнуць).

Дый, галоўнае, - людзі стаміліся ад несамастойнасці, ад таго, што іх трымаюць за дзяцей, над якімі верхаводзіць нейкі "батько".

Пара спытацца, а ці меў той "батько" свайго бацьку, каб самому мець дастатковы і пазітыўны прыклад для кіравання нейкімі "дзецьмі".

Пара зразумець, што кожны мае свайго ўласнага бацьку, а грамадства, пагатоў сучаснае, гэта не егіпецкая піраміда, а сістэма сутыкнення інтарэсаў розных груп, палітычных, эканамічных і ідэалагічных.

Кожнаму хочацца, па-першае, злучыцца з адзінадумцамі ў групу па інтарэсах, а па-другое - у складзе гэтай групы сутыкнуцца-пазнаёміцца з іншымі, альтэрнатыўнымі групамі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий