18 нояб. 2012 г.

Марыянеткі альбо дэміургі?

17 лістапада ў Вільні ў рамках кінафестывалю Сканарама быў прадстаўлены фільм маладой літоўскай рэжысёркі Ліны Лужыце Цацкі (Igrushki) пра беларусаў з Жлобіна.

Фільм з прэтэнзіяй на дакументальнасць паказвае, як жлобінцы вырабляюць мяккія цацкі і прадаюць іх пасажырам транзітных цягнікоў.

Беларусы ў фільме паказаныя з трагікамічнага боку: яны смешна выглядаюць натоўпам з гэтымі цацкамі (такой сцяной з людзей і цацак), выпіваюць, самі шыюць цацкі, брэнькаюць на гітары, смешна крычаць у тэлефонную слухаўку.

Атмасфера ў фільме створаная такая, што нагадвае хутчэй якую расійскую глыбінку, які-небудзь тамтэйшы дэпрэсіўны горад, чым беларускі райцэнтр - ажыўлены чыгуначны пункт з сучасным аквапаркам, прыцягальным для ўсёй Гомельшчыны.

З намёкам на сімвалізм рэжысёрка цытуе словы пра тое, што калі прышываеш да цацак польскія ці нямецкія вочкі, дык тады вочкі могуць глядзець у розныя бакі, а калі прышываеш беларускія - дык цацкі пазіраюць толькі ў адзін бок.

Цікавае супадзенне, што літаральна за колькі дзён да прэзентацыі гэтага фільму ў інтэрнэце з'явілася іншае відэа, таксама звязанае з тэмай цацак.

Вакаліст папулярнага рок-гурта J-Морс Уладзімір Пугач выклаў відэа, дзе ён гуляе па Стакгольме ў вялікім касцюме плюшавага мядзведзіка з плакатамі Стоп, манархія і Свабоду шведскаму народу.

Потым Пугач выказаўся наконт гэтага свайго дэмаршу, зробленага ў адказ на летні дэсант шведскіх мядзведзікаў, гэтак:

Мы часта паводзімся як абарыгены з Саламонавых астравоў - паслядоўнікі карга-культу. Усе молімся на грузы, што ляцяць з неба. Пры гэтым застаемся ў сваім булькаючым балоце. Покуль мы будзем паводзіцца як папуасы, так да нас і будуць ставіцца. Хопіць імпартаваць ідэі, сімвалы, прынцыпы, сцэнарыі, тэхналогіі. У нас шмат незвычайных, разумных, таленавітых людзей, з якіх можа пачацца цудоўнае ператварэнне насельніцтва ў народ. Для гэтага можна паспрабаваць дзеля разнастайнасці спыніць грызці адзін аднаму горлы і пашукаць прарока ў сваёй айчыне.

У выпадку з перфомансам Пугача ўзнікае, праўду кажучы, дысананс паміж жартоўнай формай і досыць сур'ёзным (хоць і таксама крыху двухсэнсоўным, асабліва пра "хопіць імпартаваць тэхналогіі") тлумачэннем.

Тым часам, калі закранаць тэму цацак, нельга не ўзгадаць знакамітага народнага майстра з Пружаншчыны Мікалая Тарасюка, які робіць драўляныя скульптуркі, цэлыя мізансцэны з побыту. Тэма цацак, лялек - гэта найперш Тарасюк. (У жніўні ў яго, дарэчы, у Менску прайшла персанальная выстава - Страчаны вырай.)

І тут выплывае нешта цікавае. Зусім як нядзельная прыпавесць з амбону з надзённымі прыкладамі з жыцця.

Іншаземцы, як паказвае фільм Лужыце, бачаць нас марыянеткамі, якія толькі і здольныя што глядзець усім атрадам у адзін бок. Пугач паказвае, што не такія мы і простыя, як здаемся. А Тарасюк замацоўвае: пад маскай беларуса хаваецца сапраўдны дэміург.

Пра гэта звычайна не гаворыцца, але майстар Тарасюк шмат гадоў праляжаў знерухомеўшы, у яго былі адняўшыся ногі. І, ужо лежачы, ён пачаў выразаць тыя скульптуркі.

І вось менавіта гэтае разьбярства яго дзівосным чынам вылекавала, неўзабаве ногі адпусціла і ён пачаў хадзіць.

Гэтая гісторыя з Тарасюком гучыць як вянец прыпавесці пра мядзведзікаў, літоўска-жлобінскі фільм, стакгольмскі дэмарш.

Накінутая нам чужая скура злупіцца тады, калі мы дазволім сабе быць паўнавартымі дэміургамі, рабіць тое, да чаго схільная нашая сапраўдная душа.


На фота: Кадр з фільма "Цацкі"; Уладзімір Пугач у Стакгольме; Мікалай Тарасюк.




Комментариев нет:

Отправить комментарий