2 дек. 2012 г.

Літоўскія нацыяналісты: чаму прайгралі і што рабіць?

Марус Кундротас, адна з публічных асобаў у руху літоўскіх нацыяналістаў-таўцінінкаў, апублікаваў артыкул "Становішча і перспектывы Саюза нацыяналістаў: паслявыбарчы аналіз".

У артыкуле Кундротас разглядае прычыны паразы Саюза нацыяналістаў у складзе выбарчага блоку "Літва для літоўцаў" у парламенцкіх выбарах 2012 г. (кааліцыя набрала менш за адзін працэнт), а таксама прапануе рашэнні на будучыню.

Няўдача літоўскіх нацыяналістаў разглядаецца на фоне поспеху нацыяналістаў у Латвіі і ва Ўкраіне: "У гэтых краінах асноўны выклік тытульнай нацыі паходзіць ад чужаземцаў - ва Ўкраіне іх часткова прадстаўляюць суайчыннікі з чужанацыянальнай самасвядомасцю. Сітуацыя ў Літве ў адносінах да тытульнай нацыі - нашмат больш спрыяльная, а канфлікт з часткай падвіленскіх палякаў - лакальны".

Нацыяналісты надта шмат увагі надавалі "польскаму пытанню": "На сёння Саюз нацыяналістаў фактычна зрабіўся "альтэр эга" Польскай акцыі выборчай. Праз гэтую прызму нацыяналісты схільныя ацэньваць усё - пачынаючы ад прэзідэнткі, сканчаючы Еўрапейскім Саюзам. Выбарцам цікавей, што ім прапануе сам Саюз нацыяналістаў, а не нейкія кепскія іх апаненты. Увогуле тэма палякаў у рыторыцы Саюза непрапарцыйна развітая, яе дозы трэба моцна зменшыць".

Разумеючы безвыніковасць тэмы ўнутранага ворага ў Літве, Кундротас прапануе звярнуцца да досведу Польшчы, Чэхіі, Венгрыі: "Там матывы і заданні нацыяналістаў вынікаюць з іншых выклікаў: дыктату Еўрапейскага Саюза, глабалізму і лібертарыянскай рэвалюцыі. Заданні нацыяналістаў тады - узмацніць або адваяваць нацыянальны суверэнітэт, бараніць маральнасць, сям'ю і жыццё, развіваць нацыянальную культуру і нацыянальную гаспадарку, імкнуцца да сацыяльнай згоды".

Таму ў Літве "нацыяналізм не можа абмяжоўвацца вузкай этнічнасцю - ён упісваецца ў больш агульную нішу кансерватызму, а дэтальней - сацыял-кансерватызму".

Адна з асноўных прычын, на думку Кундротаса, паразы літоўскіх нацыяналістаў - тое, што акцэнты іх праграмы аказаліся расцярушаныя па праграмах іншых, буйнейшых палітычных сілаў.

Маральныя аспекты эксплуатаваліся Саюзам айчыны, асабліва яго кансерватыўным крылом (з яго, дарэчы, залетась так гучна сышлі заснавальнікі Саюза нацыяналістаў - каб з такім трэскам прайграць).

Еўракрытыкаў вабіла пазіцыя партыі былога прэзідэнта Раландаса Паксаса "Парадак і справядлівасць".

Антысістэмныя акцэнты былі ўласцівыя новай, кан'юнктурнай партыі "Шлях мужнасці" (заснаванай сястрою "народнага мсціўца" Драсюса Кядзіса), а антыатамныя - Сялянскай партыі і "зялёныя".

Кундротас заўважыў, што праграма ўласна Саюза нацыяналістаў аказалася істотна змякчаная ў праграме кааліцыі "Літва ў Літве", якая аб'ядноўвала сілы досыць разнародныя, часам нават ідэалагічна.

Аўтар артыкула выказвае пажаданне быць больш цвёрдымі, адстойваючы свае праграмныя пазіцыі.

Сярод іх - не ўводзіць еўра, а пакінуць літ; вяршэнства права Літвы, а не ЕС; шырока процідзеіць прапагандзе гомасексуалізму; абмежаваць аборты; стварыць дзяржаўны гандлёвы цэнтр (у ім дзяржава мела б рэгуляваць цэны, першынства там надавалася б нацыянальнай прадукцыі); імкнуцца да стварэння Балтакарпацкай садружнасці.

Апроч таго: узмацніць рэгіяналізацыю ВНУ; у ВНУ прымаць толькі па выніках уступных іспытаў; кампенсоўваць кошты лекаў, выдадзеных па рэцэптах; зрабіць інстытуцыі судовых прыставаў і натарыусаў дзяржаўнымі з выплатай ім фіксаваных заробкаў.

Перспектывы нацыяналістаў у Літве Кундротас звязвае не толькі з меншай увагай на "польскае пытанне" ды больш канцэнтраваным выкладам сваёй пазіцыі выбарцам, але і з чаканымі зменамі ўнутры буйных партый, што расцягнулі электарат нацыяналістаў.

Кундротас спадзяецца на лібералізацыю Саюза айчыны ды дэзінтэграцыю партый "Парадак і справядлівасць" (выбары засведчылі здачу іх электаральных пазіцый) і "Шлях мужнасці" (надта розныя антысістэмныя людзі згуртаваліся).

Цікава, што паказаўшую вельмі добры вынік "Партыю працы", якую стварыў і ўзначальвае літоўскі мільянер расійскага паходжання Віктар Успаскіх, Кундротас ані словам не згадвае.

На наступных выбарах у Еўрапейскі парламент за лозунг нацыяналістаў аналітык прапануе высунуць не "Ідзем, каб зруйнаваць Еўрасаюз" (такая фармулёўка ў іх досыць папулярная), а "Ідзем, каб вярнуць нацыянальным дзяржавам іх магутнасць".

Таксама літоўскіх нацыяналістаў клічуць прыядноўвацца да еўрапейскіх і міжнародных арганізацый нацыяналістаў.

Нарэшце, Кундротасава выснова: "Нацыяналістам застаецца толькі адзін шлях, каб ідэнтыфікаваць сябе ў палітычнай прасторы, - казаць пра тое, пра што іншыя маўчаць, - у маральнай, культурнай, сацыяльнай, геапалітычнай сферах, у іншых сферах жыцця нацыі і дзяржавы. Калі хто пра гэта ўжо кажа - значыць, пра гэта трэба казаць інакш".

Комментариев нет:

Отправить комментарий