3 дек. 2012 г.

На Панямонні ўпарадкавалі Палямонаву гару

У літоўскім Рэгіянальным парку Панямоння завершаныя працы па ўпарадкаванні гарадзішча, якое ў мясцовай народнай памяці замацавалася як Палямонава гара.

У рамках праекту "Упарадкаванне ахаваных тэрыторый" працы на гарадзішчы праводзіла Дзяржаўная служба ахаваных тэрыторый пры Міністэрстве наваколля.

Фінансаваннe адбывалася за кошт сродкаў Еўрапейскага саюза і Літоўскай Рэспублікі.

Засыпалі ямы ў абарончым вале і на схілах гарадзішча, акопы, выкапаныя пад час Другой сусветнай вайны. Праклалі драўляныя сходы, што вядуць да агляднай пляцоўкі наверсе гарадзішча, пазначылі сцежкі па краях пляцоўкі. На гары павысякалі кусты і дрэўцы.

Палямонава гара стаіць ля ўтокаў ракі Дубісы ў Нёман, яе паўкругам абцякае рэчка Пештва. З гары адкрываецца выгляд на даліну Нёмана, на сутокі Нёмана і Дубісы.

Мясцовасць вакол Палямонавай гары абжытая з каменнага веку.

У XIII-XIV ст. на гары стаяў замак, які бараніў нізоўі Нёмана і Дубісы ад крыжакоў. Тыя ў 1363 г. яго спалілі. Праз паўстагоддзі замак аднавілі, але да канца XV ст. ён страціў сваё значэнне.

Паводле легенды, што бытавала ў асяроддзі беларуска-літоўскай шляхты, Палямон быў патрыцыем, які сплыў з Рыму, прыплыў да літоўскіх берагоў Балтыйскага мора і па рэках яго людзі дабраліся ажно да Ашмяншчыны.

Наконт міфалагічнай постаці Палямона літоўскі міфолаг і публіцыст Г. Бераснявічус, аўтар кнігі "Палямонаў вузел", казаў:
"Што да сучаснасці Палямонавага міфа. Мяркую, гэты міф цяпер нам вельмі прыдаўся б. Добра прадстаўлены Палямонаў міф можа прылучыцца і да стварэння "міфалогіі" Еўрапейскага саюза. Сучасны ЕС творыцца паводле мадэлі франкскай імперыі. ЕС спрабуе ажывіць імперыю Карла Вялікага, у якой у адзін масіў сышліся продкі французаў з германцамі. Мы маглі б запытаць, якое нашае месца ў гэтай новай імперыі? Палямонаў міф казаў бы, што нашае месца бліжэй да італьянцаў, а не да французаў і германцаў. Нам бліжэйшая Палямонава міфалогія, што вядзе нас у Рымскую імперыю, а не еўрапейская міфалогія, што вядзе толькі да Карла Вялікага".


На фота: Палямонава гара ў 1936 г.

Комментариев нет:

Отправить комментарий