14 дек. 2012 г.

Беларускія хлопцы - грунтоўныя, шаблонныя, ветлівыя

Той жа маладзёжны сайт, які колькі часу таму апытваў беларускіх дзяўчат на прадмет замежных хлопцаў, апытаў замежных дзяўчат наконт беларускіх хлопцаў.

Са сведчанняў дзяўчат вынікае, што беларускія хлопцы - грунтоўныя, шаблонныя, ветлівыя, самастойныя.

Цытуем выказванні дзяўчат.

З Латвіі:
"У нас хлопцы толькі і робяць, што пускаюць пыл у вочы, абяцаюць горы і зорку з неба, а як вынік – слёзы і крыўды. У беларускіх мужчын гэтая двухаблічнасць не так выразна праяўляецца.
Да таго ж, у вас хлопцы выглядаюць больш дарослымі, сталымі ў параўнанні з латышамі. У свае 25 беларусы падобныя на 25-гадовых, а ў нашых хлопцаў рост нібыта спыняецца на 18 гадах. Яму могуць быць усе 26 гадоў, а ён так і будзе жыць з бацькамі і нават не думаць пра пераезд або зносіны з дзяўчатамі. І хаця ў Беларусі, як і ў Латвіі, мала сонца, мне падаецца, беларускія хлапцы больш пазітыўныя
".

З Літвы:
"Беларускія хлопцы нейкія свае, простыя, хатнія, для іх не трэба нічога асаблівага рабіць. Заўсёды могуць адрамантаваць штосьці ў хаце, калі зламалася.
Літоўцы больш распешчаныя, беларускія хлопцы ж вельмі мужныя, да дзяўчат ставяцца з большай павагай і пашанай.
У нас лічыцца, што вашы хлапцы могуць шмат піць і не напівацца, а наконт якасцяў характару... Кажуць, что хлопцы моцныя і мужныя, бо ў іх жа там вёска, бульба, Лукашэнка, самагон
".

Са Швейцарыі:
"Беларускім хлопцам не стае разумення таго, што дзяўчына – перш за ўсё чалавек. Мне падаецца, гэта звязана з гендарнымі стэрэатыпамі. Напрыклад, у Швейцарыі прынята мець сяброўскія зносіны з хлопцамі. А вось калі размаўляеш з беларусам, нібыта адчуваеш пасыл: ты дзяўчына, я мужчына, і мы будзем мець зносіны толькі да таго моманту, пакуль ты прывабліваеш мяне як жанчына.
Беларусы больш уважлівыя – дапамагаюць дзяўчатам у тых справах, з якімі тыя і самі могуць разабрацца
".

З Польшчы:
"Павага да жанчыны ў палякаў прымаецца за нешта старамоднае. Калі я першы раз прыехала ў Беларусь, я пабачыла, як хлопец маёй сяброўкі падае нам руку на выхадзе з аўтобуса. У Польшчы такое амаль не сустракаецца. Таксама ў Беларусі хлопцы цікавяцца, як дзяўчына сябе адчувае, бо лічыцца, што яна больш далікатная, трэба ёй дапамагаць і берагчы.
Мне вельмі падабаюцца адносіны паміж вашымі мужчынамі. Калі яны сябры – гэта адразу бачна, бо яны падтрымліваюць адзін аднаго, у іх нейкія агульныя справы, жарты. Аднойчы я бачыла, як двое сяброў распачалі жартаўлівую бойку, каб паказаць дзяўчатам адзін аднаго. У нас усе больш спакойныя, не такія спантанныя.
У вас яшчэ існуе падзел на мужчынскія справы і жаночыя. Нават калі сабралася нейкая тусоўка, дзяўчаты гатуюць, а хлопцы адкаркоўваюць бутэлькі і займаюцца алкаголем. І яшчэ ў Беларусі мала хлопцаў-вегетарыянцаў
".

З Нямеччыны:
"Мне падабаецца, што беларускія хлопцы вельмі рамантычныя, яны дапамагаюць жанчынам, напрыклад, паднесці цяжкія сумкі. У Германіі мужчыны так не робяць, бо лічаць, што раз жанчыны жадаюць эмансіпацыі, няхай самі з цяжкасцямі і разбіраюцца.
У маім хлопцы мне не падабаецца толькі адна рэч – ён заўсёды такі: «Спачатку я п’ю маю гарбату, а потым раблю тое, што трэба». Для немцаў гэта нерэальна. Часам мы збіраемся на вечарыну, а сёмай пачатак, трэба ехаць хвілін дваццаць, а ён спачатку сядае піць гарбату, і толькі потым мы ўжо можам ехаць. Хаця ў Германіі так шмат стрэсу, можа, і добра вось так выпіць гарбаты – супакойвае
…"

Комментариев нет:

Отправить комментарий