7 дек. 2012 г.

Што ўгрызлася Пуціну ў хрыбет?

Даючы інтэрвію агенцтву "Reuters", прэзідэнт Лукашэнка пацвердзіў на ўвесь свет, што ў прэзідэнта Пуціна, сапраўды, праблемы са спінай.

Паводле Лукашэнкі, Пуцін пашкодзіў спіну ў спартовых спаборніцтвах.

Яшчэ раней былі чуткі, што Пуцін няўдала прызямліўся, калі на дэльтаплане быў за важака зграі ў выгадаваных журавоў, якіх навукоўцы выпраўлялі ў вырай.

У самой Расіі ўжо каторы год пільна прыглядаюцца да такіх пуцінскіх дзівацтваў, як з тымі журавамі.

Гэты палёт ставяць у адзін шэраг з тым, як без дай прычыны ён чапляў ашыйнік усурыйскай тыгрыцы, акальцоўваў рыбу бялугу.

У пэўных расійскіх колах за гэтымі дзеяннямі стала замацавалася шыльда "акультных".

Тыгр - гаспадар сібірскай тайгі, бялуга - царыца Каспію, і гэтак, маўляў, сімвалічна сцвярджаецца ўлада Ўладара над стыхіямі.

Больш агульна, журавы - прадстаўнікі Верхняга свету, паветранага, тыгр - Сярэдняга свету, наземнага, бялуга - Ніжняга свету, марскога.

Ужыванне такіх выключна сімвалічных рэчаў не выглядае не адэкватным маштабовасці пуцінскіх прэтэнзій на пабудову новай расійска-еўразійскай імперыі, калі неахопныя плошчы толькі і могуць быць утрыманыя праз завязаны на ўладу сімвалізм.

Пуцін і без гэтага вядомы як кіраўнік, якога актыўна абслугоўваюць адпаведныя спецыялісты (чаго вартыя сведчанні пра іх інструкцыі ахове не пускаць звычайных людзей услед за Пуціным адразу, ажно "пакуль яго след не астыне", і інш.).

Цяжка сказаць, наколькі вартыя такія папулярныя сярод прасунутых расійцаў "эзатэрычныя" тлумачэнні.

Аднак можна звярнуць увагу на тое, што, паводле тых жа архаічных уяўленняў, верхні, сярэдні і ніжні светы злучае вертыкальная вось, якая трымае іх на сваіх месцах.

У праекцыі на чалавека такой воссю выступае якраз чалавечы хрыбет. Той хрыбет, які Пуціна раптам занепакоіў.


На фота: жораў; тыгрыца; бялуга.





Комментариев нет:

Отправить комментарий