9 дек. 2012 г.

У Магілёве распавялі пра абаронцу ад маскоўскай агрэсіі


Публічная лекцыя, прысвечаная Мікалаю Радзівілу Рудому, прайшла 8 верасня ў ратушы Магілёва.

Яе арганізавалі гарадскі гістарычны музей і Таварыства беларускай мовы.

З лекцыяй выступіў мінскі гісторык Алег Дзярновіч. Ён распавёў, што род Радзівілаў, і ў прыватнасці Мікалай Радзівіл Руды, усімі сіламі стараліся захаваць незалежнасць і суверэнітэт Вялікага княства Літоўскага.

Асобная гаворка ішла пра перамогу ў бітве каля ракі Ула пад Чашнікамі ў 1564 годзе падчас Лівонскай вайны. Тады літоўскія войскі пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла Рудога колькасцю каля пяці тысячаў чалавек далі бой перадавым часткам маскоўскіх войскаў на чале з князем Шуйскім, якія налічвалі каля 25 тысячаў ваяроў, і ўшчэнт разбілі захопнікаў.

Менавіта гэтая перамога паспрыяла таму, што Люблінская унія паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каронай Польскай была падпісаная на пяць гадоў пазней, у 1569 годзе, і Літва працягнула сваё існаванне як незалежная дзяржава. Да таго ж дамова была змененая ў больш выгодны для нашай дзяржавы бок.

Сёння, адзначыў гісторык, род Радзівілаў робіцца ў Беларусі культавым. «Гэта звязана і з рэстаўрацыяй Нясвіжскага замка, гэта падтрымліваецца на афіцыйным узроўні. І зараз, думаю, кожны школьнік ведае, што быў такі ўплывовы род Радзівілаў», - сказаў Дзярновіч.

Мікалай Радзівіл Руды нарадзіўся 500 год таму ў 1512 годзе ў Нясвіжы.

Ён быў праціўнікам Люблінскай уніі і прыхільнікам захавання самастойнасці Вялікага княства Літоўскага ў складзе саюзнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Даводзіў каралю: «Якая ж гэта будзе унія Літвы з Польшчай, калі ад Літвы адарвалі шмат рэгіёнаў дэкрэтамі. Пасля гэтага можна сказаць, што Літвы больш не існуе, а разам з гэтым і нейкай уніі».

Ад’язджаючы з Кракава пасля таго, як скончыліся перамовы, з болем і горыччу сказаў: «Нават вораг падчас перамір’я не парушае ўласнасьці, а нас, жывучых у вечным міры і братэрстве з вамі, вы, палякі, пазбавілі гэтага права. Справядлівасці на зямлі мала! Але Бог такой няпраўды з намі не прапусціць: рана альбо позна, але расплата будзе!»

Комментариев нет:

Отправить комментарий