14 дек. 2012 г.

Ёнас Трынкунас: Думкі на зімовы сонцаварот

Калядныя святыя вечары - гэта цэлы рой звычаяў і перажыванняў, што іх суправаджаюць. За калядным сталом мы прыгадваем прамінулы год, глядзім у будучы год.
Прыгадваем дзядоў. Святыя вечары прабуджаюць думкі і пачуцці. Традыцыі гэтага перыяду яшчэ добра памятаюць нашыя бацькі і старэйшыя людзі. Але даводзіцца прызнаць, што калядным часам сёння часта цікавяцца толькі ў сэнсе таго, якую страву на гэтыя святы прыгатаваць, чым пачаставаць тых, хто сабраўся за святочным сталом. А што да музыкі, дык, каб парадаваць родзічаў і гасцей, усё часцей абмяжоўваюцца амерыканскімі "Джынгл Бэлз".

Сапраўды, нашыя традыцыйныя калядныя гімны і песні амаль забытыя, хоць яны маюць важнае святочнае значэнне. Перадкалядны час прызначаны для абдумвання ды для спявання ці слухання старажытных традыцыйных песень. Спеўнік адкрывае дух светаадчування нашага народу, адкрывае скарбніцу архетыпаў, што ахоўвае тоеснасць народу.

Пра наш старажытны светапогляд часам кажуць, што гэта - рэлігія прыроды. Тым, хто ў гэтым сумняецца, можна прапанаваць адгарнуць кнігу з каляднымі песнямі. Ужо толькі пачаткі песень шмат пра што гавораць: "Ды прыгожая птушка сокал", "Ой, селязень, селязень шэры", "Ой, ты, пчолка, лялімой", "Ой ты, вавёрка, лялюмой", "Ды прыгожая птушка дзятлік"... І гэтак можна прагартаць увесь спеўнік, у якім пералічваюцца ўсе жыхары пушчы і палёў. Але гэтае апяванне жывой прыроды - гэта сімвалы, што датычацца свету чалавека. Побач з селязнем з'яўляецца браток, замест пчолкі - дзяўчына і гэтак далей. Таксама важныя дзеячы песень - яблынька і дзяўчыначка. Пытаецца: "Чаго ты стаіш, ды не цвіцеш - каляда, каляда?", а далей абспеўваецца дзяўчына: "Ты, дзяўчына, ты маладая, чаго ты сядзіш, ды не выходзіш замуж?" У гэтых гімнах праз такія сімвалы праяўляецца чалавечы свет, у якім важны шлюб, што забяспечвае працяг і плоднасць самой чалавечай супольнасці і прыроды.

Гэтыя песні - гэта таксама і песні любові. Любоў абымае нашмат большую прастору чалавечага свету, гэта бачым у разнастайнасці калядных звычаяў. Выглядае, нібыта ўся прырода ўцягваецца ў чароўнае дзейства. У калядных абрадах удзельнічаюць і душы блізкіх. Чалавек пачуваўся часткай свету, у якім жыццё і дабро непасрэдна залежалі ад спрыяльнасці дзядоў.

У каляднай таямніцы ўдзельнічаюць усе, хто жывыя. Пладовыя дрэвы абдымалі і абвязвалі саломай, іх яшчэ і патрэсвалі, нібыта прабуджаючы. Жывёлаў кармілі каляднымі стравамі, а асабліва святочнай куццёй, ведаючы, што ў калядную ноч жывёлы размаўляюць. Калядным вечарам пчолы таксама гавораць. Вулей трэба прыўзняць і пастукаць па ім.

У гэты час адбываецца сапраўдная магічная сяўба. Дзяўчыны гадалі, "сеючы" вакол сябе канапелькі ці мак. Саму куццю гатавалі з рознага зерня, што сімвалізала несканчальнае жыццё. Усю сям'ю абсыпалі зернем. Выказвалі пажаданні на будучы год - яны, як пасеянае зерне, прарастаюць у будучыні.

Тут хочацца працытаваць старакітайскага мудраца Канфуцыя, які асабліва цаніў традыцыйныя абрады і музыку: "Песні развіваюць чалавека, завастраюць яго погляд, узмацняюць адзінадушша, рассейваюць сум і незадаволенасць. Здзіўляе шчырасць і чысціня песень. Песні вучаць і таму, што блізка - абавязку да бацькоў, - і таму, што далёка - абавязку да кіраўніка. Яны збліжаюць нас з птушкамі, звярамі, травой і дрэвамі". І яшчэ: "Песні робяць чалавека годным, тут няма злога, сапсаванага мыслення. Абрад - гэта яго апірышча. Музыка ўдасканальвае".

Як і абвешчаныя старажытнымі мудрацамі праўды, традыцыі нашых продкаў непадуладныя ні часу, ні гісторыі. Звычаі і песні захоўваюць каштоўнасці вечнасці. Народныя песні не страчваюць сэнсу менавіта тады, калі яны патрэбныя, блізкія ды зразумелыя і чалавеку нашага часу.

13/12/2012, alkas.lt

Комментариев нет:

Отправить комментарий