17 дек. 2012 г.

Паўстаем толькі за сваю старыну

Пераказваем цікавы журналісцкі матэрыял - пра бунт нарачанскіх рыбакоў у 1936 годзе супраць польскага рыбацкага закону.

Увесну 1935 года у Польшчы пачаў дзеіць новы закон міністра сельскай гаспадаркі Панятоўскага. Паводле гэтага закону лавіць рыбу ў азёрах маглі толькі тыя, хто пацвердзіць свае правы на гэты.

Далёка не ўсе нарачанскія рыбакі мелі такія дакументальныя пацверджанні. Збольшага грунтаваліся на дзядоўскім звычаі.

Тады Нарач здалі ў арэнду Дырэкцыі дзяржаўных лясоў, якая наняла рыбакоў. Але там і плацілі мала, і людзей нанялі мала (150 чалавек на 5 невадаў), і рыбу змушалі здаваць, а калі знаходзілі ў каго рыбіну - звальнялі.

Рыбакі дамагліся дазволу закінуць у Нарач хоць бы 2 свае прыватныя невады, але ім паставілі ўмову - злоўленую рыбу прадасцё толькі Дырэкцыі. Грошы на невады збіралі ўсім светам. Але за рыбу дырэкцыя згадзілася заплаціць на траціну менш за рынкавы кошт. Рыбакі, парушаючы дамовы з Дырэкцыяй, вязуць свае 800 кг у Вільню. Там рыбу канфіскуе паліцыя.

Пасля ўсяго гэтага нарачанскія вёскі абвяшчаюць страйк. Сяляне выходзяць на лёд, вымаюць з вады невады Дырэкцыі і выносяць на бераг. Дырэкцыя наймае штрэйк-брэхераў з далёкіх вёсак, але тых нарачанскія праганяюць (без бойкі, толькі вострым словам).

Завадатара страйку звозяць у віленскую лукішскую турму. Вызваляюць яго, калі 400 рыбакоў прыйшлі ў мястэчка патрабаваць яму свабоды. Урэшце ўмовы страйкоўцаў задаволілі.

Аўтар матэрыялу падсумоўвае яго словамі крыху з іншай оперы: "Калі дзяржава губляе павагу да грамадзян, то павінна чакаць такога ж стаўлення і да сябе".

Відаць, усё ж тут пра іншае - наколькі тутэйшыя людзі маюць схільнасць аберагаць свае звычаі. Зрэшты, формула гэтага была ў нас запісаная яшчэ ў Сярэднявеччы: "Старыны не рушыці, навіны не ўводзіці".


Паводле "Нашай нiвы"

На фота: тагачасныя нарачанскiя рыбакi.


Комментариев нет:

Отправить комментарий