13 дек. 2012 г.

Прэзентаваная 5-я кніга Юрыя Станкевіча

На прэзентацыі новай кніжкі "Шал" пісьменнік Юрый Станкевіч казаў пра тое, "калі ўсё гэта скончыцца".

12 снежня ў Менску праходзіў шэраг вартых культурных імпрэзаў: афіцыйна адкрывалася мастацкая выстава памяці Сяргея Цімохава ў Палацы мастацтваў, прэзентаваўся спектакль паводле твору Максіма Танка "Люцыян Таполя".

У менскім жа Літаратурным музеі прэзентавалі новую кнігу Юрыя Станкевіча "Шал".

У кнігу, выдадзеную (як і мінулая кніга пісьменніка) выдавецтвам "Галіяфы", увайшлі тры аповесці (адна з апошніх па часе пад назвай "Шал" дала назву і ўсёй кніжцы), аповеды розных гадоў (пераважна пералому 80-х і 90-х гадоў), а таксама эсэ, прысвечанае японскаму кінарэжысёру Акіры Курасаву - "Пясняр самураяў".

На прэзентацыю прыйшло чалавек трыццаць, пераважна моладзь, нямала было самотных дзяўчат.

Падчас імпрэзы дэкламатарка зачытала ўрывак з аповесці "Шал". Яна ж сказала, што творы Юрыя Станкевіча вывучаюцца ў рамках універсітэцкай праграмы.

Пытанні да пісьменніка круціліся вакол дзвюх тэмаў: "Няўжо ўсё так кепска?" і "Калі ўсё гэта скончыцца?". Пісьменнік на гэта адказваў: "Я магу адказаць вам зусім непаліткарэктна, але вы і так усё разумееце".

Напрыканцы імпрэзы прагучала вядомая сярод правай моладзі песня "Еўропа, эрвахт", выкананне якой было прысвечана асобе пісьменніка і яго творчасці. Музычны твор Юрый Станкевіч назваў "цудоўнай песняй".

Станкевіч паведаміў, што нядаўна сам, маючы абсалютны музычны слых, напісаў песню - і словы, і тэкст. Расказаў, што песню ён прапаноўваў гомельскаму барду Андрэю Мельнікаву, але той, каторы год ужо крэпка завязшы ў праваслаўі, адмовіўся.

Таксама стала вядома, што пісьменнік неўзабаве зноў пераедзе жыць у Менск. Цяпер Станкевіч жыве ў Барысаве, куды колькі гадоў таму з'ехаў са сталіцы, каб даглядаць старэнькую маці.

У сваёй новай, пятай па ліку кнізе "Шал" пісьменнік разгортвае лінію, запачаткаваную ў выданні 1998 года - яго знакамітай (часам кажуць - культавай) кнізе "Любіць ноч - права пацукоў" і працягнутую ў  кнігах "Апладненне ёлупа" (2005), "Мільярд удараў" (2008), "П'яўка" (2012).

Пісьменніка Юрыя Станкевіча часам параўноўваюць з беларускім жа мастаком Валерыем Славуком - абодва выяўляюць малапрыемных казурак, ад якіх хочацца пазбавіцца, абодва працуюць у "апакаліптычным" стылі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий