11 дек. 2012 г.

Нацыянальны гонар Беларусі

У Гродне пачала працу навукова-практычная канферэнцыя да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа пад назваю "Нацыянальны гонар Беларусі". 
Канфэрэнцыя праводзіцца як завяршэнне ўрачыстасцяў, прысвечаных беларускім песнярам, у памяшканні абласной бібліятэкі імя Яўхіма Карскага.

Прафесар Ігар Жук мяркуе, што цяпер малая колькасць гадзінаў дадзена студэнтам унівэрсітэту, які носіць імя Янкі Купалы, на вывучэнне творчасці юбіляраў-класікаў беларускай літаратуры, але не ўсё вымяраецца лекцыямі.

"Павінна быць пастаяннае іх вывучэнне, таму што ў іх закладзены некаторыя духоўныя якасці, якія не могуць умяшчацца толькі ў студэнцкую аўдыторыю альбо па-за студэнцкай аўдыторыяй знаходзіцца. Калі проста ўявіць сабе адсутнасць Янкі Купалы і Якуба Коласа ў нашым духоўным жыцці, што было б з намі? Уяўляеце сабе такую сітуацыю? Колькі давялося б нам ісці, дарастаць да таго моманту, каб у рэшце рэшт узняцца на вышыню, на якую яны імгненна, раптоўна і шчасліва ўзнялі і нашу літаратуру, і наш духоўны статус, і нас саміх", - кажа ён.

Да працы канферэнцыі запрошаны літаратары, навукоўцы з Латвіі ды Польшчы. У праграме ўрачыстасцяў да 130-годдзя класікаў літаратуры будзе ўзнагароджанне пераможцаў літаратурнага конкурсу "Песнярам роднай зямлі", што пройдзе ў Музеі гісторыі рэлігіі. А на наступны дзень пройдзе круглы стол пра стварэнне электроннай бібліятэкі.

Радыё Рацыя

Комментариев нет:

Отправить комментарий