10 дек. 2012 г.

Новая саступка: агульныя візы з Расіяй

Дзяржаўны сакратар так званай «саюзнай дзяржавы» Рыгор Рапота (Григорий Рапота) заявіў сёння пра магчымасць увядзення агульных візаў.

Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на паседжанні Савета міністраў «саюзнай дзяржавы» 13 снежня ў Маскве. Па словах Рыгора Рапоты, такі крок магчымы дзеля ўзмацнення кантролю на мяжы.

Спачатку гэтае пытанне абмяркуюць на ўзроўні экспертаў, затым вырашаць, ці ўводзіць яе наогул і як хутка.

Адзначым, што апошнім часам Масква вядзе наступ на суверэнітэт Беларусі не гучнымі папулісцкімі крокамі кшталту падпісання дамоваў, якія ніхто не выконвае, і нафта-газавым ціскам, а прадуманымі кропкавымі ударамі.

У канцы лета змянілася частка вайсковага кіраўніцтва на відавочна больш прарасійскае. 

Месяц таму з'явілася інфармацыя пра скіраванне беларускага экспарту ў расійскія парты, тыдзень таму стала вядома пра тое, якім чынам Масква маніпулюе продажам калійных угнаенняў. 

Некалькі дзён таму ціха была заключаная дамоўленасць пра сумесны кантроль на знешняй мяжы Мытнага саюзу.

Дарэчы, некаторыя з гэтых крокаў з'яўляюцца вынікам нібыта знешніх фактараў, якія ўплываюць на бяспеку межаў. Напрыклад, кіраўніцтва СПА было знятае пасля палёту шведскага самалёту з мішкамі, а апошняя дамоўленасць — пасля таго, як у Расію патрапіла заражаная паразітамі раслінная прадукцыя. Ёсць аб чым задумацца.

Зараз гаворка ідзе пры сімвалічны крок, але яго сімвалізм палягае ў падвядзенні рысы пад ланцугом падзеяў — дробных, але паслядоўных, - якія пазбаўляюць нашу краіну яшчэ часткі суверэнітэту.

Комментариев нет:

Отправить комментарий