5 дек. 2012 г.

Лоўкіс з Вайшкунаў рупіцца балтыйскім ласосем

У канцы лістапада ў Астраўцы прайшоў семінар "Захаванне ласосевых рыб у Беларусі", які зладзіла арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны".

Балтыйскі ласось у беларускіх рэках - унікальная з'ява для нашай прыроды.

Сюды па Вяллі ласось прыплывае, пакідаючы салёныя воды Балтыкі, каб на рачных участках з пясчана-галькавым грунтам і хуткім цячэннем адкласці ікру.

Маладняк ласосевых жыве потым тут ад года да пяці гадоў, а тады па цячэнні сплывае назад у Балтыйскае мора.

Прыклад, як трэба дапамагаць жывой прыродзе, паказвае актывіст "Аховы птушак Бацькаўшчыны" валанцёр Анатоль Лоўкіс, які жыве на хутары Вайшкуны, што на беразе возера Балдук на Пастаўшчыне.

З мэтай "аднавіць папуляцыю гэтай рыбы" на ручаі Тартак (сёлета сюды прыплыла 40 асобінаў) Лоўкіс усталяваў тут зроблены ўласнаруч рыбаход, каб ласосю было лягчэй пераадольваць моцнае цячэнне ручая, імкнучыся ўверх па цячэнні ў пошуках зручнейшых месцаў адкласці ікру.

Рэч у тым, што ласосю цяжка пераадольваць бетонныя трубы калектараў, па якіх рэчка цячэ пад дарогамі.

Для ласося важная чысціня вады і тэмпература вады 4-8 градусаў, гэтым крытэрыям адпавядаюць вялейскія прытокі на Астравеччыне.

Адзначаецца, што міграцыі рыб замінаюць не толькі браканьеры (а за апошнія тры гады ў басейне Вяллі такіх не выяўлена), але і плаціны гідраэлектрастанцый.

Эколагі папярэджваюць, што тэмпература ў Вяллі можа падвысіцца пасля ўвядзення Астравецкай АЭС, бо вада з ракі будзе брацца з мэтай ахалоджвання механізмаў і, адпаведна, вяртацца ў раку цяплейшай.

Комментариев нет:

Отправить комментарий