14 дек. 2012 г.

"Прафесія Мінска" - афармляць чужыя рашэнні?

Высунутая на сімвал Менску ядавіта-блакітная мікрасхема "Think Minsk" счакала шмат адмоўных водгукаў, якія змусілі яе стваральнікаў разгорнута апраўдвацца.

Каментатары не толькі адзначылі патрапанасць слогану тыпу "Think ...", але і знайшлі, што графічнае рашэнне амаль цалкам скапіяванае з шараговай ілюстрацыі нейкага графічнага дызайнера.

Стваральнікі "ядавіта-мінскай мікрасхемы" апраўдваюцца тым, што менавіта ў галіне "праграмавання, інжынірынгу, прыладабудаўніцтва, машынабудаўніцтва" працуюць самыя паспяховыя прадпрыемствы Менску:

"Мінск - радзіма сусветна папулярна кампутарнай гульні "World of Tanks". Мінскі Парк Высокіх Тэхналогій - найбуйнейшы ІТ-кластар Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, а ў ліку замоўцаў іх рэзідэнтаў - сусветныя ІТ-гіганты: Microsoft, Oracle, SAP. Такім чынам, "прафесіі" Мінска ёсць ужо нямала пацвярджэнняў.

Ні Вільня, ні Масква, ні Кіеў, ні Варшава, ні іншыя буйныя гарады Еўропы не могуць заяўляць аб інтэлектуальнай дзейнасці як сваёй галоўнай спецыяльнасці і прэтэндаваць на ролю сусветнага лідара ў гэтай сферы. Мінск - можа, і павінен абвесціць пра гэта
".

Плануецца "стварыць для Мінска кампутарны алгарытм, які будзе генераваць графічныя выявы ў мінскім стылі, на падставе зададзеных ключавых характарыстык брэнду. Кожная створаная выява будзе непаўторнай і пры гэтым у адным стылі. А сам алгарытм стане першым у свеце недакранальным гарадскім сімвалам".

Заўважым, што такая думка - угрунтаваная на выніках даследавання, паводле якіх "няма адзінага любімага мінчанамі сімвала Мінска", - паўтарае ідэю беларускага саматужнага філосафа пачатку ХХ стагоддзя - Ігната Абдзіраловіча - пра "ліючуюся форму".

Зрэшты, гэта не першая спроба творча падысці да вобразу Менску, які сёння сталіца Беларусі.

Першай можна лічыць намаганне менскага мастака Артура Клінава прадставіць (у тым ліку брэндава) Менск як "горад СОНца" - горад-макет, горад-сімуляцыю, горад-фасад.

Магчыма, прадбачачы небяспечныя наступствы апелявання да "духу" безаблічнага, пустатварага Мінска, дваццаць гадоў таму беларускі выдавец і мысляр Сяргей Дубавец высунуў нацыянальны слоган: "Мова, вёска, Вільня".

Але джын "брэнду Мінска" з бутэлькі выпушчаны і цяпер ён пагражае "падмяць" пад сябе ўсю шматстайнасць беларускай прасторы, пераствараючы яе на ўзор паслухмянай, паслужлівай мікрасхемы.




Комментариев нет:

Отправить комментарий