4 дек. 2012 г.

Тэорыя і практыка сакральнай спадчыны балтаў

24-25 лістапада ў Рызе адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Сакральная спадчына балтаў”.

Падзагалоўкам канферэнцыі было “Патрыятызм пачынаецца з ведаў”.

Ва ўводнай прадмове да канферэнцыі казалася: “Многія людзі адчуваюць, што вяртаецца час адраджэння, толькі на гэты раз гэта час не палітычнага адраджэння, а духоўнага. Памалу ўвага звяртаецца на нашыя ўласныя каштоўнасці. Мы разляцеліся былі па свеце, паспрабавалі, пакаштавалі каштоўнасці іншых культур, пашукалі на Ўсходзе і на Захадзе, але цяпер мы памалу вяртаемся Дамоў… Пра гэта сведчыць хоць бы тое, што мы ўсё больш па-сапраўднаму святкуем Сонцастаянні, прагнем насіць народныя строі, наведваць латвійскія святыя мясціны, даведвацца пра песні, пра моц і значэнне балцкіх знакаў”.

Характар канферэнцыі быў такі, што сабраліся як акадэмічныя навукоўцы, так і прыватныя даследчыкі і практыкі.

Арганізатары падкрэслівалі, што менавіта так можна атрымаць усебаковае ўяўленне пра пытанні, якія ўзнікаюць, калі пачынаеш казаць пра тэму, вынесеную ў назву канферэнцыі. Адзначалася, што такі інтэгральны фармат таксама добра прыдаецца сучаснасці.

Сярод выступоўцаў былі вядомыя навукоўцы, такія як археолаг Юрыс-Талівалдзіс Уртанс ("Чортавы мясціны ў Латвіі") і генетык Раіса Дзянісава (даклад "Хто такія балты і наколькі яны старажытныя?").

На светапоглядным аспекце нематэрыяльнай спадчыны засяродзіліся ў сваіх дакладах прадстаўнікі дыеўтураў (спаведнікаў старалатышскай рэлігіі) - кіраўнік Садружнасці дыеўтураў Латвіі дызайнер Валдзіс Цэлмс ("Балцкая самасвядомасць, або дзе шукаць нашых сапраўдных сілаў"), фалькларыстка і кіраўніца Цэнтра "Залціс" Гунта Саўлэ ("Дыеўтурыба, латышская жыццяведа і абрады ў нашыя дні").

Гісторык мастацтва і філолаг Ілзэ Ліепіня казала пра моц слова народных латышскіх песень - дайнаў ды практычнае выкарыстанне яго ў розных жыццёвых сітуацыях (даклад "Жыццёвая моц дайнаў").

Архітэктар Людміла Картунова - пра рэгіёны Латвіі, найспрыяльнейшыя для здароўя з гледжання геаэкалогіі ("Магчымасці развіцця Латвіі").

Уплывовы латвійскі публіцыст Ота Озалс - пра шляхі нацыянальнага развіцця краіны ("Латышы. Фармаванне нацыі. Ці ўдасца?").

Біяэнергетык Андрыс-Ансіс Шпатс распавядаў пра свой досвед наведвання сакральных мясцінаў Латвіі, радзіў, што ў такіх месцах можна рабіць, а чаго не варта ("Унікальнасць месцаў сілы Латвіі").

З майстар-класам, прысвечаным абуджэнню унутраных сілаў праз спеў, выступілі таксама вядомыя ў Латвіі спевакі са "спеўнай сям'і Віталаў" - Яніс і Дацэ Віталы ("Жыць з радзімай і народнай песняй у сэрцы").

Канферэнцыя працягвалася два дні ў гатэлі "Islande Hotel" у цэнтры горада.

Паведамляецца, што наступная канферэнцыя цыклу "Сакральная спадчына балтаў" адбудзецца ў лютым 2013 года.

Комментариев нет:

Отправить комментарий