25 окт. 2012 г.

Бульбаш-хол і брэсцкая лесапілка

Напярэдадні Дзядоў, дня ўшанавання продкаў у пачатку лістапада, узнялася хваля абурэння з нагоды будаўніцтва ля нацыянальнага нэкропалю Курапаты (месца, дзе ў міжваенне былі расстраляныя ад 30 да 200 тыс. чалавек) гатэльна-забаўляльнага комплексу "Бульбашъ-холл".
Будаўніцтва парушае вызначаныя межы ахоўнай зоны вакол Курапатаў, таксама найболей абурэння выклікае будучая прысутнасць такой установы ля такога жалобнага месца.

Палітык Зянон Пазьняк, які ў канцы 1980-х адкрыў краіне і свету Курапаты, выказаўся: "Гэта не адзінкавы выпадак: за апошнія дзесяць гадоў было некалькі спробаў знішчыць Курапаты. Самая скандальная спроба - калі ў 2001 годзе будавалі аўтастраду. У 2002 годзе зрабілі водаадвод пад крыж, выкапалі 40-метровую траншэю і хацелі зрабіць вадасцёкі. (...) У 2006 годзе быў запраектаваны "Горад Сонца" ля саміх Курапатаў - гэта быў бы комплекс для заможных людзей, прадугледжвалася пабудова катэджаў. З цяжкасцю атрымалася гэтага пазбегнуць. (...) Гэты ж рэстаран у праектнай дакументацыі называецца "Бульбашъ" з цвёрдым знакам - гэта найперш праява ксенафобіі і нацыянальнай нянавісці на побытавым узроўні. Гэта абраза нацыянальнага гонару. Толькі за такую назву трэба падаваць у суд".

Зрэшты, адначасова з гэтым прайшла і іншая інфармацыя. Высветлілася, што ў іншым кутку краіны, на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, аднаго з сімвалаў афіцыйнай палітыкі, працуе лесапілка дзяржаўнага прадпрыемства, хоць гаспадарчая дзейнасць на тэрыторыі гэтага абвешчанага помнікам аб'екта абмежаваная.

Іншымі словамі, не шануецца памяць ні альтэрнатыўная (феномен Курапатаў - падкоп пад гмах афіцыйнага бачання мінуўшчыны), ні свая, дзяржаўна зацверджаная. Для надзённых патрэбаў выкарыстоўвацца можа (як тэма Айчыннай вайны выбраная для ідэйнага сцэментавання грамадства), але сапраўднай павагі ні на каліва. Не шануючы свайго памятнага, не будуць шанаваць і чужога, і наадварот - шануючы сваё, будзеш шанаваць і чужое памятнае.

Комментариев нет:

Отправить комментарий