Кіраўнік расійскіх праваслаўных маскоўскі патрыярх Кірыл, наведваючы 14.Х Менск, выказаўся:
"Намаганні [праваслаўнай] Царквы накіраваныя на захаванне духоўнай культурнай прасторы той самай гістарычнай святой Русі".
Спробы ўключэння Беларусі ў рускую "духоўную прастору" відавочна супернічаюць з іншым меркаваннем, што сыходзіць з боку Літвы ды Латвіі. Дзеячы этна-рэлігійнага руху прыбалтыйскіх краін усё гучней выказваюцца за тое, што Беларусь якраз мае быць уключаная ў "духоўную культурную прастору", што супадала б з даўнейшай прасторай старажытных балтаў, тэрыторыя якіх даходзіла на ўсходзе да Масквы, на паўночным усходзе - сягала за Волгу.
Раней пра гэта больш казалі беларускія прыхільнікі такога погляду, а літоўцы ды латышы адмоўчваліся. Але з нядаўняга часу (галоўным чынам, пасля 1-й Балцкай крывулі летась у чэрвені) такая пазіцыя ўсё больш цвёрда агучваецца і з боку літоўцаў-латышоў, калі яны пераканаліся ў наяўнасці шматлікіх прыхільнікаў у самой Беларусі. Паказальна: у часе апошняга Дня балцкага адзінства 22 верасня арганізатары акцыі "Вогненны перагук" (агні запальваюцца адначасова на гарадзішчах і святых месцах усёй Балтыі) выдалі адозву, у якой упершыню выкарыстаны выраз "Балцкая духоўная радзіма", у якую ўключаныя ўвесь старабалцкі абсяг.
Комментариев нет:
Отправить комментарий