17 окт. 2012 г.

"Выклічам сілы падзем'я разам!"

Грамадская кампанія "Будзьма" апошнім часам асабліва арупілася тэмай цмокаў. І ў якасці сімвала краіны выяву цмока высунулі, зладзіўшы нават сякое-такое абмеркаванне сярод не абы-якіх публічных асобаў. І паспрыялі, каб менскую баскетбольную каманду перайменавалі ў "Цмокі" (дарэчы, першая гульня пад гэтай назвай аказалася правальнай). Цяпер, у рамках пачыну "У пошуках цмока" штотыдня ўзяліся апытваць людзей культуры, пытанне - "Куды найлепей ехаць у пошуках беларускага цмока?" На сёння цікавыя адказы далі мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі ды рэлігіязнаўца Ірына Дубянецкая. Каго інтэрвіююць, таго просяць назваць канкрэтныя месцы ў Беларусі, дзе можна было б шукаць тых міфічных цмокаў, а таксама намаляваць такі маршрут на карце, фактычна - пакрыць карту Беларусі выявай цмока.
Не будзем прыводзіць нейкія міфалагічныя звесткі, хоць яны і вельмі цікавыя, і высновы з глыбакадумным выглядам рабіць таксама не будзем. Адзначым тэндэнцыю.
Людзі культуры візуалізуюць цмокаў, фактычна заклікаюць праявіцца (хоць "Будзьма" і абстаўляе гэта неяк паўжартаўліва). У Старобіне нейкія істоты падушылі і выпілі кроў 400 свойскіх жывёлаў, і ў мясцовых жыхароў імгненна аднавілася пачуванне як у якім Сярэднявеччы - начная варта з агнём, увечары на двор не выходзяць (тыдзень ужо як гэта там прыціхла). Дый колькі год таму ў Лідскім раёне бачылі нейкую кашлатую істоту (потым патлумачылі, што з фургону цыркачоў уцякла малпа), і гэта імгненна зрабілася сваёй мясцовай міфалогіяй, ніхто ў тую малпу не паверыў.
Што бачым? Беларусы міфалагізуюцца. Досыць аднаго штуршка, каб рынуць у тое, што нашы нядобразычліўцы з іншага рэлігійнага лагеру кляймяць "цемрашальствам" ды "сярэднявеччам". Відаць, абуджаюцца гены нашчадкаў тых, хто цмокаў не баяўся (як многія блізкія і далёкія народы), а замаўляў у іх адзежу. Забараняй ты рэкламу чаравання не забараняй, а прыроду не зломіш. Праўда, чараваць усё ж найлепей на Каляды.

Комментариев нет:

Отправить комментарий