19 окт. 2012 г.

Крывіс Літвы альбо Крыве з Крывіі?

19 кастрычніка 2002 года, дзесяць гадоў таму, у цэнтры Вільні, на гары Гедымінавай магілы (гэта далей углыбкі ў Парк гор ад знакамітай гары Гедыміна з вежай) быў праведзены публічны абрад, на якім кіраўніка літоўскай "Рамувы" Ёнаса Трынкунаса ўрачыста высвецілі на Крывіса Літвы. Сёння ў Коўне адбыліся грамадскія ўрачыстасці з нагоды гэтага дня.

(На фота: падчас высвячэння Ёнасу Трынкунасу ўручае фібулу Альгімантас Індрунас, на той час - найстарэйшы член Сейму Літвы, адзін з чатырох парламентарыяў, што тады выступілі з адозвай, у якой заклікалі прызнаць літоўскае паганства традыцыйнай рэлігіяй у Літве).

Урачыстасці адбываліся менавіта ў Коўне вось з якой прычыны. Менавіта ў Коўне, на Рамайнскіх могілках пахаваны Ян Бяржанскі (Ёнас Бяржанскіс-Клаўсуціс), літоўскі шляхцюк з-пад Шаўляў. Ён вядомы тым, што, па-першае, у пачатку ХХ стагоддзя генеалагічна давёў, што з'яўляецца прамым нашчадкам Гедымінавага сына Клаўсуця (у такім статусе яго, сапраўды, прызнавалі ў міжваеннай Літве), а па-другое, лічыў сябе спаведнікам старажытнай літоўскай веры. 22 кастрычніка 1905 года ён даслаў афіцыйную заяву царскім уладам пра прызнанне яго "чалавекам старажытнай літоўскай веры" (праз 12 гадоў Бяржанскі атрымаў афіцыйны ліст з такім зацвярджэннем).
Высвячэнне Крывіса Літвы дзесяць гадоў таму было прымеркавана да ўгодкаў гэтай падзеі. Сённяшнія ковенскія ўрачыстасці пачаліся з ускладання кветак і запальвання агеньчыка на магіле Бяржанскага. У Вільні ўрачыстасці маюць быць працягнутыя 21 кастрычніка, у нядзелю, а 5-й вечара, на гары Гедымінавай магілы.

Аднаўленне інстытуцыі Крывіса ў Літве адбылося, можна сказаць, максімальна намошчваючы непасрэдную пераемнасць.
З аднаго боку, гэта постаць Яна Бяржанскага як нашчадка кіруючага (у тым ліку духоўна) стану ў тыя часы, калі старая вера была ў моцы. Гедымін быў звязаны з Ліздзейкам, "найвыжшым папом паганскім" (характарыстыка з летапісу), а, па пэўных звестках, прускі Крыве-Крывейта пад націскам крыжацкай навалы перабраўся якраз у Вільню. Ліздзейка лічыцца адным з продкаў Радзівілаў, тады як іншым іх продкам лічыцца легендарны Асцік, імя якога мае прускае гучанне (прускае astis з вялікім гняздом значэнняў, якое ў санскрыце, дарэчы, дало знакамітае su-asti).
З іншага боку, сам выбар дня высвячэння, што ўжо выклікае асаблівую моц на таго, хто пад святлом гэтай сувязі стаіць.

Паўстае іншае пытанне. Вось жа, у справе з высвячэннем Крывіса Літвы ўсё прыкладзена адзін да аднаго так, каб досыць абгрунтавана здзейсніць пераемнасць ад старалітоўскіх і старапрускіх Крывісаў да цяперашняга кіраўніка супольнасці "Рамува". Але не выкінеш і старой згадкі пра тое, што ўлада прускага Крыве пашыралася ў тым ліку на землі "крывіцкіх русаў" (Creviczensivim Russorum). А такія рэчы проста так не выкасоўваюцца, на іх проста так вачэй не заплюшчваюць - такім рэчам або падпарадкоўваюцца, прымаючы іх (гаворка, зразумела, пра значэнне ўсяго гэтага для Беларусі), або сімвалічна перайначваюць, выкручваючы на іншы сэнс.
Напрыклад, Сяргей Санько, адзін з пачынальнікаў найноўшай крыўскай ідэі, высунуў меркаванне, што словазлучэнне "Крыве-Крывейта" значыць "Крыве з Крывіі", а не "Крыве Крывіч" (Крыве сын Крыве).
Звязаны з гэтым клубок дагэтуль не развязаны - асабліва ў сэнсе адносінаў прускага Крыве ды зямлі на процілеглым канцы балцкай тэрыторыі - Крывіі, "зямлі вытокаў". Для балтаў быў уласцівы дуалізм, ушанаванне падвойнасці, гэта праявілася і ў пары прускіх правадыроў - духоўнага і свецкага кіраўнікоў Брутэна і Відэвута. Наколькі гэты дуалізм стасуецца да пары "жрэц Крыве - зямля Крывія" - гэта пытанне адкрытае.
Магчыма, пара "Крыве - Крывія" мела прыблізна такі ж характар, як і іншыя значныя пары тыпу "неба-зямля", "мужчына-жанчына", "дзень-ноч". Іншымі словамі, "Крывія" ў гэтай пары была складнікам рассяроджаным, прасторавым, гарызантальным, а "Крыве" - складнікам увасобленым, вертыкальным. Крывія магла "спараджаць", "высоўваць" Крыве, які, у сваю чаргу, меў знаходзіцца ў рэгіёне супрацьлеглым Крывіі - у прускім рэгіёне, дзе сама прыморскасць абумоўлівае дыферэнцыяцыю.
Калі глядзець з такога гледжання, месцазнаходжанне Крывіса ў Літве, у Вільні выглядае перакручваннем першапачатковых сэнсаў, якія даўней рэалізаваліся прасторава. Зрэшты, такім жа перакручваннем, відаць, было б і знаходжанне якогась такога Крыве ў Беларусі, у Менску.
Трэба памятаць, што землі, звязаныя з абмеркаванай тут рэаліяй (Крывія, Крыве) сёння знаходзяцца ў складзе Расіі (Цвершчына-Смаленшчына, Каралявецкі край), і спадзявацца на аднаўленне даўнейшых рэалій не выпадае. А калі так, дык і легітымнаць цяперашняга літоўскага Крывіса, хоць і мае ў сабе прагалы, але выглядае тым не менш досыць пераканаўча. Такі сабе Крыве ў літоўскім выгнанні. Іншая рэч, што тое выгнанніцтва мусіць усведамляцца.

Комментариев нет:

Отправить комментарий